BE RU EN

«Нас нельга аддаваць»: украінцы Данбаса выказалі сваю пазіцыю адносна перамоў

  • 24.02.2026, 14:35

Галоўнае жаданне — каб украінская зямля не дасталася Пуціну.

Перамовы паміж Расіяй і Украінай пры пасярэдніцтве адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа зайшлі ў тупік вакол пытання кантролю над Данецкай вобласцю. Масква патрабуе, каб Кіеў саступіў рэгіён у абмен на спыненне баявых дзеянняў. Але для прыкладна 190 тыс. мясцовых жыхароў такая перспектыва стала падставай для пратэсту і трывогі, піша The New York Times (пераклад — сайт Charter97.org).

28-гадовая ўладальніца салона прыгажосці Дар'я Бандарава з украінскага Славянска кажа, што не верыць у выкананне Расіяй пагадненняў. «Не думаю, што Украіна калі-небудзь на гэта пойдзе», — адзначае яна. Жыхары баяцца, што выбар будзе цяжкім — пакінуць свае хаты або жыць пад расійскай акупацыяй, якая, паводле звестак праваабаронцаў, суправаджаецца рэпрэсіямі ў іншых акупаваных раёнах.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падкрэсліваў, што Украіна не аддасць Данецкую вобласць, дзе тысячы людзей загінулі, абараняючы тэрыторыю. Ён папярэджвае: саступка парушыла б Канстытуцыю і адкрыла б шлях для новых атак Расіі. Пры гэтым ён дапускаў кампраміс у выглядзе дэмілітарызаванай зоны, але невядома, ці пагодзіцца Масква.

Расія, паводле ацэнак аналітыкаў, прасоўваецца павольна, але спрабуе скарыстацца стомленасцю насельніцтва і ціскам саюзнікаў Украіны. Аднак украінскія вайскоўцы ўпэўненыя, што ўтрымаюць лінію абароны. У «крэпасным поясе» франтавых гарадоў — Краматорска, Дружкаўкі, Канстанцінаўкі і іншых — людзі працягваюць жыць пад пастаяннымі абстрэламі, але не губляюць надзеі.

Шмат жыхароў, уключаючы пенсіянерку Рафілу Мірзаеву, дом якой пацярпеў ад абстрэлаў, катэгарычна супраць ідэі «абмену». «Нас нельга аддаваць, як скаціну», — кажа яна. Для большасці галоўнае жаданне — каб іх зямля не стала часткай Расіі.

Апошнія навіны