BE RU EN

Bloomberg: Перамовы аб міры ва Украіне зайшлі ў тупік

  • 24.02.2026, 15:57

Няма ніякіх прыкмет таго, што Пуцін гатовы заключыць дамову.

Чаканні адносна прарыву на перамовах аб спыненні вайны ва Украіне пачалі таяць нават у Вашынгтоне, прадстаўнікі якога, перадусім сам прэзідэнт Дональд Трамп, неаднаразова заяўлялі, што «Пуцін хоча заключыць здзелку». Паводле саюзнікаў ЗША, адміністрацыя хацела б дасягнуць мірнага пагаднення па Украіне да пачатку святкавання 250-годдзя незалежнасці ЗША 4 ліпеня, піша Bloomberg. Аднак няма ніякіх прыкмет таго, што Уладзімір Пуцін гатовы заключыць дамоўленасць, якая не адпавядае яго стратэгічным патрабаванням — пазбавіцца цяперашніх уладаў Украіны і паставіць яе пад свой уплыў, сказалі агенцтву высокапастаўленыя еўрапейскія чыноўнікі і прадстаўнікі НАТА.

Тры раунды трохбаковых перамоў у гэтым годзе не прынеслі канкрэтнага выніку і не стварылі магчымасцей для далейшага пошуку кампрамісаў. Масква і Вашынгтон фактычна гуляюць у гульню «хто першы здасца», кажа высокапастаўлены чыноўнік НАТА, знаёмы з ходам перамоў, — ці адмовіцца Расія ад сваіх максімалісцкіх патрабаванняў, ці ЗША канчаткова спыняць падтрымку Украіны. Хоць крыніца назваў перамовы канструктыўнымі, яны, паводле яго, фактычна зайшлі ў тупік.

Нават некаторыя амерыканскія чыноўнікі пачалі прыватна прызнаваць, што не бачаць ніякіх прыкмет таго, што Пуцін гатовы адступіць ад сваіх максімалісцкіх патрабаванняў, кажуць крыніцы Bloomberg.

Тэрміны дасягнення дамоўленасцей пастаянна зрушаюцца. Усё пачалося з абяцання Трампа скончыць вайну «за 24 гадзіны», прычым яшчэ да яго ўступлення на пасаду прэзідэнта. Мінулым годзе Трамп называў некалькі дэдлайнаў, і ўсе яны мінулі без дасягнення пагадненняў і без якіх-небудзь наступстваў. Сёлета Уладзімір Зяленскі паведамляў, што ў Белым доме хацелі б заключыць здзелку да лета, каб у Трампа было што прад’явіць да пачатку кампаніі перад прамежкавымі выбарамі ў Кангрэс ЗША, якія адбудуцца ў лістападзе.

Цяпер Трампа больш цікавяць здзелка з Іранам, да якога ён сцягвае велізарную ваенную групоўку, і аднаўленне сектара Газы, паведамілі мінулага тыдня амерыканскія чыноўнікі выданню The Wall Street Journal.

«Трамп сам вінаваты ў тым, што яго чаканні адносна заключэння міру не спраўдзіліся, бо пасылаў памылковыя сігналы», — заявіў у аўторак міністр абароны Германіі Барыс Пісторыус. У прыватнасці, ён дапусціў тактычную памылку, калі ад самага пачатку выключыў магчымасць прыняцця Украіны ў НАТА. «На жаль, амерыканскі прэзідэнт без усялякай патрэбы вельмі рана зняў з парадку дня пытанне пра ўступленне ў НАТА. Між тым яго можна было б выкарыстаць для перамоваў па іншых пытаннях», — сказаў міністр радыёстанцыі Deutschlandfunk.

Выступаючы ў чацвёртую гадавіну пачатку распачатай Пуціным вайны, Пісторыус заявіў:

«На жаль, амерыканскі прэзідэнт паўплываў на ход вайны і ўпэўненасць Пуціна ў сабе, калі расстлаў чырвоную дывановую дарожку і сустрэў яго як сябра на Алясцы, у той жа час цалкам адмовіўшыся ад ваеннай падтрымкі Украіны».

Удзельнікі перамоваў у Абу-Дабі і Жэневе засталіся на жорсткіх пазіцыях па двух пытаннях — тэрытарыяльным і лёсе Запарожскай АЭС. Прадстаўнікі ЗША раней заяўлялі, што дамоўленасць пра падзел электраэнергіі, якую вырабляе АЭС, павінна стаць важнай часткай мірнага пагаднення. Яны прапануюць дзяліць яе паміж Украінай, Расіяй і ЗША, але Кіеў адмаўляецца дзяліцца з Расіяй, хоць і заяўляе, што са сваёй доляй амерыканцы могуць паступаць як захочуць, піша Bloomberg.

Што да тэрытарыяльнага пытання, Крэмль настойвае на поўнай здачы Украінай Данбаса. Кіеў адмаўляецца на гэта ісці, абмяркоўваючы ў максімуме стварэнне дэмілітарызаванай зоны і ў ёй — свабоднай эканамічнай зоны. Саюзнікі Украіны, у прыватнасці, асцерагаюцца, што Пуцін можа пагадзіцца на спыненне агню, якое дазволіць Трампу абвясціць пра паспяховае вяртанне да міру, пасля чаго Расія працягне кампанію сабатажу, гібрыднай вайны і ўмяшання ў выбары, накіраваную на дэстабілізацыю Украіны, патлумачылі Bloomberg еўрапейскія дыпламаты, знаёмыя з гэтым пытаннем.

Паводле слоў Зяленскага, у Вашынгтоне лічаць, што Пуцін спыніць вайну, калі яму аддадуць неакупаваную частку Данбаса. У інтэрв’ю Financial Times прэзідэнт Украіны назваў такую пазіцыю каротказорнай:

«Шчыра кажучы, я не веру, што гэта ўсё, чаго патрабуе Расія, — нашага сыходу з Данбаса, і тады вайна скончыцца. Расія ёсць Расія, і, як вы ведаеце, ёй нельга давяраць».

Такога ж меркавання і разведвальныя службы еўрапейскіх краін.

«Пакуль Пуцін застаецца пры ўладзе, Расія не паралізаваная масавымі пратэстамі, а ў бюджэце застаюцца хоць якія грошы на зброю, вайна будзе працягвацца, — піша старшая навуковая супрацоўніца Берлінскага цэнтра Карнегі па вывучэнні Расіі і Еўразіі Тацяна Становая. — Крэмль не пойдзе на значныя ўступкі, нават калі сутыкнецца з зацяжным фінансава-эканамічным крызісам».

Аналягічнай пазіцыі прытрымліваецца эканаміст Дзмітрый Некрасаў, сузаснавальнік і дырэктар Еўрапейскага цэнтра аналізу і стратэгій. «Колькасць эканамічных рубяжоў абароны, на якія расійскі ўрад здольны адступаць у поўным парадку пры кожным наступным пагаршэнні сітуацыі, значна большая, чым можна ўзвесці паміж бягучай лініяй фронту ва Украіне і Кіевам. Кожны такі манеўр будзе новым крадзяжом у будучыні расійскай эканомікі. Але красці ў будучыні можна яшчэ чортава доўга», — піша ён у калонцы ў The Moscow Times.

Апошнія навіны