BE RU EN

У Маладзечне з пад’езда рухнуў бетонны казырок

  • 24.02.2026, 17:40

Праз некалькі гадзін упаў яшчэ адзін — пасля таго, як рабочыя яго ўмацавалі.

Kraj.by распавядае пра небяспечную сітуацыю, якая цудам не скончылася трагедыяй. Так у Маладзечне на вуліцы Маўчанскага ў двухпавярховым трохпад’ездным доме №14 сёння каля 06:45 раніцы абрынуўся бетонны казырок першага пад’езда. А праз чатыры гадзіны рухнуў казырок трэцяга пад’езда — пасля таго, як камунальнікі яго нібыта ўмацавалі.

Лізавета Бяляцкая расказвае, як было:

– 06:10. Мой муж Саша выводзіць на вуліцу сабаку. Нішто не прадказвае ніякіх праблем. Казырок пад’езда на месцы. 06:30. Саша вяртаецца з сабакам дадому і бачыць, як суседка чысціць снег на ганку пад’езда. У двары дома ціха. Усё добра. 06:45. Саша і Сева яшчэ ў кватэры, але ўжо збіраюцца выходзіць з дому. Муж — на працу, сын — у школу. Раптам мы чуем страшэнны грукат. Першапачаткова не надалі гэтаму значэння. У нас такое здараецца, калі з даху абвальваюцца цэлыя гурбы снегу.

06:50. Муж з сынам выходзяць з кватэры, спускаюцца з другога паверха на першы. Саша не можа адкрыць дзверы пад’езда. Штосьці замінае звонку. Муж з цяжкасцю адкрыў дзверы. Яны з сынам выйшлі. Як аказалася, заміналі абломкі рухнулага бетоннага казырка. Я гляджу ў акно, бачу, што мой муж і дзіця стаяць сярод гэтага бетону, і мяне ахоплівае жах.

Выдыхнуўшы ад таго, што, на шчасце, мае родныя не пацярпелі, я занепакоілася за людзей, якія жывуць у двух іншых пад’ездах нашага дома, таму з 07:00 пачала званіць ва ўсе магчымыя камунальныя службы, у тым ліку ў наша ЖРЭУ-3. Дазваніцца аказалася няпроста. Але я ўсё ж такі дамаглася таго, што каля 09:15 прыехалі камунальнікі. Яны паглядзелі, з’ехалі, потым прыехалі зноў, разбілі бетонную пліту казырка на кавалкі і вывезлі іх на вазку.

Паводле слоў Лізаветы, затым двое рабочых пад кіраўніцтвам майстра збівалі лёд і прыбіралі снег з казыркоў двух іншых пад’ездаў. Журналіст Kraj.by быў на месцы ў 09:55. У гэты час рабочы чысціў казырок трэцяга пад’езда. Было прыкметна, што гэты казырок нахілены.

Майстар камунальнікаў сказаў Лізавеце і журналісту, што казыркі двух пад’ездаў умацаваныя. Новы казырок першага пад’езда ўсталююць у гэты ж дзень, а казыркі другога і трэцяга пад’ездаў заменяць вясной.

Камунальнікі з’ехалі прыблізна ў 10:15.

А ў 10:50 Ліза паведаміла журналісту, што рухнуў казырок трэцяга пад’езда.

– Божа мой! Гэта жах! Ды як так?! Яны ж сказалі, што яго ўмацавалі! Я здымала відэа, як з даху дома падае снег. [...] Відэа зняла, выключыла камеру — і тут рухнуў казырок трэцяга пад’езда!

Апошнія навіны