Вакол «Додо Піцы» разгарэўся скандал з-за бяздомнай сабакі
- 24.02.2026, 18:25
Беларускі філіял сеткі таксама выказаўся.
Расійская сетка піцэрый «Додо Піца» апынулася ў цэнтры скандалу пасля гісторыі са звальненнем кур’ера ў Чалябінску, піша «Онлайнер».
Паводле даных СМІ і карыстальнікаў сацсетак, супрацоўніка, якога завуць Міхаіл, пазбавілі працы пасля таго, як ён накрыў пледам бяздомную сабаку, якая жыла побач з піцэрыяй. Інцыдэнт адбыўся ў марознае надвор’е пры тэмпературы каля мінус 20 градусаў.
Раней сабака, якую паспелі празваць Додабоняй, стала сапраўдным талісманам чалябінскай установы, работнікі і наведвальнікі пачалі пра яе клапаціцца.
Аднак у пэўны момант новая кіраўніца ўстановы забараніла супрацоўнікам падкормліваць і саграваць пса: па сацсетках хадзіў скрыншот паведамлення, нібыта напісанага дзяўчынай у працоўным чаце, дзе яна нагадвала, што той, хто будзе спрабаваць прытуліць жывёлу побач з установаю, «пайдзе ўслед за сабакам».
Пасля таго як навіна пра звальненне кур’ера разляцелася па сацсетках, «Додо Піца» дала афіцыйны каментар. У ім прадстаўнікі брэнда патлумачылі, што «яшчэ да сітуацыі з сабакай планавалася спыненне адносін з кур’ерам». Паводле даных расійскіх СМІ, афіцыйна Міхаіла звольнілі нібыта за неаднаразовыя прагулы і псаванне маёмасці.
Такая пазіцыя кампаніі не задаволіла карыстальнікаў і выклікала яшчэ большую хвалю крытыкі. У сетцы з’явіліся заклікі да «адмены». На грамадскі рэзананс у выніку адрэагаваў заснавальнік сеткі Фёдар Аўчыннікаў. Ён ад імя брэнда папрасіў прабачэння ў Міхаіла, паабяцаўшы выплаціць яму заробак без утрыманняў і штрафаў. Таксама прадпрымальнік заклікаў спыніць цькаванне кіраўніцы, якую часова адхілілі ад працы.
Додабоню перавезлі ў прытулак. У кампаніі заявілі, што аплацяць яе ўтрыманне і лячэнне да таго часу, пакуль для жывёлы не знойдуць новых гаспадароў. Акрамя таго, Аўчыннікаў паведаміў пра планы зрабіць усе піцэрыі сеткі pet-friendly. Міхаілу прапанавалі новую пасаду — куратара праграм па падтрымцы жывёл.
— Хачу сказаць, што ўсе гэтыя рашэнні прынятыя не пад ціскам, а ад сэрца, — дадаў бізнесмен.
Сітуацыя атрымала водгук і ў Беларусі. Беларуская сетка «Додо Піцы» апублікавала ў Threads паведамленне, у якім заявіла, што працэнт усёй выручкі за 23 лютага будзе накіраваны ў прытулак для сабак. У кампаніі паабяцалі пазней раскрыць сабраную суму і апублікаваць фотасправаздачу пра яе перадачу ў сацсетках.
Рэакцыя карыстальнікаў падзялілася. Частка каментатараў заявіла, што, нягледзячы на ініцыятывы беларускага філіяла, рэпутацыі брэнда прычыненая сур’ёзная шкода, і яны маюць намер адмовіцца ад яго прадукцыі. Іншыя, наадварот, адзначылі, што мясцовыя ўстановы не павінны несці адказнасць за сітуацыю ў Чалябінску, да якой яны не маюць прамога дачынення.