З якой лічбы праміле ў Беларусі пачынаецца алкагольнае ап'яненне
- 24.02.2026, 19:50
Юрыст даў адказ.
У Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў расказалі, з якой лічбы ў Беларусі фіксуецца алкагольнае ап'яненне. Гэта вызначае адпаведная пастанова Савета Міністраў (№497 ад 14 красавіка 2011-га).
Па словах адваката спецыялізаванай юрыдычнай кансультацыі Мінска «Транспарт і права» Паўла Латышава, ап'яненне ў чалавека прызнаюць пры паказчыку ад 0,3 і больш праміле абсалютнага этылавага спірту ў крыві або 150 і больш мікраграмаў на літр у выдыханым паветры.
– Гэтыя лічбы маюць юрыдычнае значэнне, — падкрэсліў адвакат.
Стан ап'янення фіксуюць з дапамогай прадзьмухвання ў сертыфікаваны прыбор або падчас хіміка-таксікалагічнага даследавання крыві. На практыцы часцей за ўсё выкарыстоўваюцца алкатэстары. Пры гэтым у прыбораў можа быць пагрэшнасць, а лабараторнае даследаванне крыві праводзяць на больш дакладным абсталяванні, але і яно мае дапушчальную пагрэшнасць.
– Узяты ўзор крыві захоўваюць не менш за 35 сутак. І пры нязгодзе з вынікам чалавек можа падаць скаргу і абскардзіць высновы экспертызы, — дадаў эксперт.
Пры гэтым па аналізе мачы фіксацыя ап'янення ў Беларусі лічыцца неправамернай і не мае юрыдычнай сілы.