У Беластоку беларусы, украінцы і палякі правялі мітынг салідарнасці з Украінай
- 24.02.2026, 23:46
Жыхары горада выступілі «разам супраць расійскай агрэсіі».
Напярэдадні чацвёртай гадавіны поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў цэнтры Беластока прайшоў мітынг беларускай дыяспары і ўкраінскай супольнасці «Разам супраць расійскай агрэсіі». У ім узялі ўдзел каля 300 чалавек — украінцы, беларусы і палякі, перадае «Радыё Рацыя».
Прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары падзяліліся болем чакання заканчэння вайны і сваім становішчам у Польшчы:
— Мы не жывем, мы існуем, інтэграцыя даецца вельмі цяжка, прынамсі для маёй сям’і — вельмі цяжка. Чакаем, што хутка ўсё скончыцца, і мы ўсёй сям’ёй вернемся дадому. Дай Бог, каб было куды вяртацца, бо мы самі з Херсона.
— Трэба дапамагчы Украіне заключыць мір на чалавечых, адэкватных і нармальных умовах, а не аддаваць свае тэрыторыі, за якія гінуць нашы дзеці. Гэта мой сын, ён пайшоў на фронт добраахвотнікам і казаў: «Мама, не хвалюйся, я іду не паміраць, я іду жыць».
— Хочацца, каб людзі не глядзелі на вайну ва Украіне як на страшны фільм, а хочацца, каб усё гэта нарэшце скончылася.