Украінскія самалёты атрымалі высокадакладныя КАБы ад Францыі
- 25.02.2026, 8:37
Паскаральнік дазваляе знішчаць варожыя аб’екты на адлегласці да 70 кіламетраў.
Францыя перадае Украіне рэкордны пакет кіраваных авіяцыйных бомбаў AASM Hammer. У Мінабароны Украіны распавялі, як працуе высокадакладная зброя.
Пра гэта паведамляе прэс-служба Мінабароны Украіны.
Адзначаецца, што авіябомбы AASM Hammer могуць быць ужытыя з цэлага шэрагу самалётаў. У прыватнасці, яны сумяшчальныя з F-16, Dassault Rafale, Mirage 2000D і іншымі. У Паветраных сілах ЗСУ гэтыя авіябомбы прыстасаваныя для скіданняў з самалётаў МіГ-29.
AASM Hammer — гэта камплект дадатковага абсталявання, які ператварае звычайныя авіябомбы ў высокадакладныя, кіраваныя боепрыпасы. У камплект КАБа ўваходзіць блок навядзення і хваставы модуль з апераненнем і паскаральнікам.
Дзякуючы блоку навядзення з інерцыяльным, спадарожнікавым, лазерным або інфрачырвоным тыпам навядзення гэтыя бомбы трапляюць у мэту з адхіленнем да 10 метраў. Паскаральнік дазваляе знішчаць варожыя аб’екты на адлегласці да 70 кіламетраў, таму самалёты могуць скідаць іх з бяспечнай адлегласці.
Зараз найбольш папулярныя камплекты AASM Hammer — для 250-кілаграмовай авіябомбы Mk 82 і 1000-кілаграмовай Mk 84, аднак існуюць камплекты і для іншых бомбаў.
AASM Hammer для Украіны
Упершыню пра перадачу Украіне еўрапейскіх КАБаў стала вядома яшчэ на пачатку 2024 года. Менавіта тады ў Францыі заявілі, што рыхтуюцца перадаваць каля 50 авіябомбаў AASM Hammer штомесяц.
Пазней паведамлялася, што Францыя абавязалася цягам 2025 года вырабіць 1200 кіраваных авіяцыйных бомбаў AASM Hammer супраць 830 камплектаў у 2024-м. Такое ўзбраенне Парыж прадастаўляе Украіне ў межах абароннай дапамогі.