ЗША перакінулі больш за 150 ваенных самалётаў на прыдатныя для удараў па Іране базы
- 25.02.2026, 10:53
Гэта адбываецца на фоне адсутнасці прарыву ў перамовах паміж Вашынгтонам і Тэгеранам.
Злучаныя Штаты на працягу тыдня перакінулі больш за 150 ваенных самалётаў на базы на Блізкім Усходзе і ў Еўропе. Пра гэта паведамляе The Washington Post са спасылкай на агульнадаступныя даныя адсочвання палётаў і спадарожнікавыя здымкі.
Нарашчэнне сіл адбываецца на фоне адсутнасці прарыву ў перамовах паміж Вашынгтонам і Тэгеранам па ядзернай бяспецы. Цяперашняя ваенная прысутнасць ЗША ў рэгіёне з’яўляецца адной з найбуйнейшых за больш як два дзесяцігоддзі — з часоў вайны ў Іраку ў 2003 годзе, адзначае газета.
Эксперты, якія прааналізавалі разгортванне, кажуць, што яно пераўзыходзіць па маштабах падрыхтоўку да ўдараў па іранскай ядзернай праграме ў чэрвені мінулага года. «Маштабнасць сканцэнтраваных сіл азначае, што амерыканскія вайскоўцы могуць выканаць любое рашэнне прэзідэнта Трампа — ад працяглай кампаніі да больш мэтавых, абмежаваных удараў», — заявіла Дана Строул, былая намесніца памочніка міністра абароны ЗША па Блізкім Усходзе, цяпер дырэктар па даследаваннях у Вашынгтонскім інстытуце.
Як адзначае WP, больш за палову перакінутых самалётаў прызямліліся на базах у Усходняй Еўропе, па-за зонай дасягальнасці большасці іранскіх ракет. Гэта дазваляе ЗША размяшчаць матэрыяльныя сродкі і персанал, не ствараючы «прывабнай мэты» для Тэгерана, патлумачыў Грэгоры Брю, старшы аналітык па Іране ў Eurasia Group.
Ключавым пунктам стала авіябаза Муваффак Салці ў Іарданіі. На спадарожнікавых здымках ад 21 лютага бачна больш за 60 баявых самалётаў, уключаючы звыш дзесятка знішчальнікаў F-35. Акрамя таго, у рэгіёне знаходзяцца два авіяносцы — USS Abraham Lincoln ля ўзбярэжжа Амана і USS Gerald R. Ford каля берагоў грэцкага Крыта. На іх борце размешчаныя эсмінцы з дзясяткамі крылатых ракет «Тамагаўк», якія ўжо прымяняліся для ўдараў па іранскіх ядзерных мэтах у чэрвені.
ЗША таксама разгарнулі на Блізкім Усходзе і ў Еўропе больш за траціну свайго дзеючага флоту самалётаў далёкага радыёлакацыйнага выяўлення E-3G Sentry. На еўрапейскіх базах заўважаны таксама знішчальнікі F-22A Raptor і F-16 Fighting Falcon.
Калі адміністрацыя плануе працяглую паветраную кампанію, можа спатрэбіцца яшчэ больш рэсурсаў, адзначыў Марк Кансіян, старшы дарадца Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў. Брю падсумаваў: «Што б ні задумала адміністрацыя адносна Ірана, яна хоча зрабіць гэта маштабна, але даволі хутка, з мінімальнай рызыкай негатыўных наступстваў».