Кім Чэн Ын прызначыў сваю 13-гадовую дачку кіраўніцай ракетнага ўпраўлення КНДР
- 25.02.2026, 10:33
Дзяўчынка-падлетак прымае даклады ад генералаў і нават аддае распараджэнні.
Дыктаатар КНДР Кім Чэн Ын прызначыў сваю 13-гадовую дачку Кім Чжу Э кіраўніцай ракетнага ўпраўлення. Ведамства курыруе ядзерныя сілы Паўночнай Карэі, паведамляе паўднёвакарэйскае выданне The Chosun Daily са спасылкай на крыніцу ў ўрадзе Паўднёвай Карэі і разведдадзеныя краіны.
Кім Чэн Ын працягвае браць дачку Кім Чжу Э з сабой на месцы правядзення ядзерных і ракетных выпрабаванняў. Паводле наяўных даных, ёй маглі даручыць ролю «кіраўніцы ракетнага ўпраўлення», каб яна загадзя ўмацавала ўплыў у вайсковых колах. Фармальна пасаду кіраўніка ракетнага ўпраўлення займае Чан Чхан Ха, аднак, як паведамляецца, дачка Кім Чэн Ына прымае даклады ад генералаў і нават аддае распараджэнні.
Паўночнакарэйскія СМІ ўпершыню афіцыйна пацвердзілі існаванне дачкі Кім Чэн Ына ў лістападзе 2022 года, калі яна суправаджала яго падчас запуску міжкантынентальнай балістычнай ракеты «Хвасон-17». Тады яе назвалі «любімай дачкой». Аднак яе імя пасля гэтага ні разу афіцыйна не публікавалася.
Імя самога Кім Чэн Ына таксама не паведамлялася да верасня 2010 года, калі яго афіцыйна прадставілі як пераемніка і ён атрымаў званне генерала арміі.
Нагадаем, раней паўднёвакарэйская разведка паведамляла, што КНДР перайшла да наступнага этапу падрыхтоўкі пераемніка Кім Чэн Ына. Яго дачку цяпер разглядаюць не проста як «верагодны варыянт», а як асобу, якую ўжо фактычна пазіцыянуюць як будучага лідара краіны.