У Беларусь вяртаюцца журавы і буслы
- 25.02.2026, 12:15
Арнітолагі паведамілі пра пачатак вясновай міграцыі.
Нягледзячы на зусім лютаўскія снегапады, якія сёння накрылі многія рэгіёны Беларусі, вясна ўжо не за гарамі. На гэта паказваюць не толькі метэакарты еўрапейскіх сіноптыкаў, але і даныя польскіх арнітолагаў, а таксама назіранні беларускіх «птушкагледаў».
Так, аўтары тэлеграм-канала пра надвор'е ў Беларусі «Метеовайб» напярэдадні падзяліліся здымкамі першых журавоў і статкаў гусей, якія вярнуліся з цёплых краёў на родныя беларускія прасторы. Першых крылатых веснікаў вясны заўважылі ў раёне Брэста.
Спецыялісты адзначаюць, што журавы пачынаюць вяртацца ў месцы гнездавання з зімоўкі ў цёплых краінах ужо напрыканцы лютага. Яны часта прылятаюць у Беларусь, калі на палях яшчэ ляжыць снег, а вадаёмы скутыя лёдам. Гэта, у тым ліку, звязана з тым, што журавы, у адрозненне ад блізкіх ім буслоў, менш залежаць ад тэрмічных патокаў паветра і могуць ляцець нават у пахмурнае надвор'е.
Дарэчы, падняліся на крыло ў далёкай Афрыцы ўжо і еўрапейскія буслы. Гэта дакладна вядома дзякуючы тэматычнаму праекту польскіх арнітолагаў, якія ўжо не першы год адсочваюць шляхі міграцыі мясцовых буслоў (у суседняй Польшчы гэтую птушку любяць і шануюць не менш, чым у Беларусі). Арнітолагі за гады праекта паспелі акальцаваць і абсталяваць спецыяльнымі перадатчыкамі не адну птушку і цяпер маюць магчымасць сачыць за іх перамяшчэннямі.
Першая тройка іх падапечных, уключаючы легендарнага ветэрана Збысю, мінулага тыдня, паводле даных перадатчыкаў, ужо пачала вырушаць на поўнач, у бок еўрапейскага кантынента.
Як адзначыў у каментары для партала zarya.by загадчык лабараторыі аптымізацыі экасістэм Палескага аграрна-экалагічнага інстытута НАН Беларусі Віктар Дамянчык, масавае вяртанне буслоў у Беларусь традыцыйна чакаецца ў сакавіку. За суткі птушкі здольныя пераадольваць велізарныя адлегласці — да 300 кіламетраў, і ўсё ж гэта не імгненны працэс.
Чаму наогул буслы адлятаюць на поўдзень і што прымушае іх штогод пераадольваць такія велізарныя адлегласці, каб вярнуцца на еўрапейскія прасторы, падрабязна расказала біялог і папулярызатар навукі Анастасія Тыниссон, навуковая супрацоўніца Тартускага ўніверсітэта.