Atlantic Council: Адна зброя змяніла ход вайны ва Украіне
- 25.02.2026, 14:05
Дзякуючы гнуткай сістэме стартапаў Украіна не толькі адаптавала тэхналогію, але і пачала яе маштабаваць.
Расійская агрэсія супраць Украіны цягнецца ўжо пяты год, суправаджаецца бясперапыннай тэхналагічнай трансфармацыяй фронту. У гэтым супрацьстаянні, што замацавала за сабой статус першай у свеце «вайны беспілотнікаў», новым вагомым этапам стала масавае ўкараненне дронаў на аптавалакне, пра гэта піша эксперт у галіне бяспекі Влад Сутэа у матэрыяле для Atlantic Council.
Па яго словах, лагістычны шлях Сумы — Суджа стаў ідэальным палігонам для новай расійскай зброі. Паколькі такія дроны кіруюцца праз найтанчэйшы кабель, яны цалкам неўспрымальныя да сістэм РЭБ.
«Аналіз відэазапісаў удараў пацвярджае: з жніўня 2024 па верасень 2025 года непрапарцыйна вялікая доля атак гэтымі дронамі прыйшлася менавіта на Курскі сектар. Вынікі былі крытычнымі — узровень страт украінскай тэхнікі там аказаўся на 25% вышэй за расійскія страты. Акрамя грузавікоў, мэтамі станавіліся дэфіцытныя танкі «Абрамс» і БМП «Брэдлі», — гаворыцца ў матэрыяле.
Пасля падзей у Курску тэндэнцыя імгненна распаўсюдзілася па ўсёй лініі фронту. Аднак ужо да сярэдзіны 2025 года сітуацыя перастала быць аднабаковай.
Эксперт кажа, што дзякуючы гнуткай экасістэме стартапаў Украіна не толькі адаптавала тэхналогію, але і пачала яе маштабаваць. За кароткі тэрмін да выкарыстання было ўхвалена больш за 80 аптавалаконных сістэм украінскай вытворчасці. Калі першыя ўзоры мелі абмежаваны радыус, то падраздзяленне «Птушкі Мадзяра» ўжо выкарыстоўвае дроны, здольныя дасягаць адлегласці каля 40 кіламетраў.
Хуткае распаўсюджванне тэхналогіі прыцягнула ўвагу Альянсу. У 2025 годзе супрацьдзеянне такім дронам стала галоўнай тэмай конкурсу інавацый НАТА, дзе перамаглі распрацоўшчыкі з Украіны і ЗША.
Паводле матэрыялу, праблема ў тым, што ўніверсальнага «антыдоту» супраць дронаў, якія немагчыма заглушыць, не існуе. Цяпер арсенал сродкаў абароны ўключае акустычныя датчыкі, радарныя трыгеры і фізічныя бар’еры. Побач з традыцыйным агнём з рушніц усё больш актыўна ўкараняюцца інавацыйныя сістэмы выяўлення на базе ШІ.
Геаграфія выкарыстання дронаў на правадзе пашыраецца ўражлівымі тэмпамі. Яны ўжо заўважаныя ў арсеналах суданскіх апалчэнцаў, мексіканскіх картэляў і арміі Кітая, распавядае аўтар.
«Досвед Украіны паказвае, што вайскоўцы, якія разлічваюць выключна на радыёкіраваныя дроны і электронную вайну, рызыкуюць панесці катастрафічныя страты ў крытычныя моманты. Аптавалаконныя дроны, магчыма, не заменяць традыцыйныя сістэмы, але яны зарэкамендавалі сябе як надзейны кампанент сучаснага арсеналу баявых сродкаў. Тое, што пачыналася ў Курску як эксперымент з, здавалася б, састарэлай тэхналогіяй, цяпер змяніла твар дроннай вайны», — падсумоўвае эксперт.