Мерц папрасіў Пекін паўплываць на Расію, каб пакласці канец вайне ва Украіне
- 25.02.2026, 23:35
Канцлер Германіі сустрэўся са старшынём КНР Сі Цзіньпінам.
Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц папрасіў Кітай паўплываць на Маскву ў кантэксце ўрэгулявання вайны РФ ва Украіне, пра гэта піша Associated Press.
Мерц 25 лютага сустрэўся са старшынём КНР Сі Цзіньпінам. Перад ад’ездам у Кітай у аўторак, 24 лютага, ён падкрэсліў, што, нягледзячы на ўсе рознагалоссі паміж Еўропай і Кітаем, «сёння немагчыма вырашаць буйныя глабальныя палітычныя праблемы без удзелу Пекіна».
Пасля перамоваў Мерц паведаміў журналістам, што папрасіў Сі Цзіньпіна выкарыстаць свой уплыў, каб пакласці канец вайне ва Украіне.
«Мы ведаем, што ў Маскве вельмі сур’ёзна ставяцца да сігналаў з Пекіна — як да слоў, так і да дзеянняў», — адзначыў ён.
Сі Цзіньпін у адказ заявіў Мерцу, што Кітай падтрымлівае палітычнае ўрэгуляванне вайны РФ ва Украіне, але падкрэсліў, што яно павінна «ўлічваць законныя інтарэсы ўсіх бакоў» і прадугледжваць «роўнапраўны ўдзел усіх бакоў».