Адзіны ў Расіі завод па вытворчасці аптычнага валакна спыніўся амаль на год пасля ўдару ўкраінскіх дронаў
- 26.02.2026, 11:16
Цяпер усё на 100% залежыць ад паставак валакна з Кітая.
У Расіі з мая 2025 года перастаў працаваць адзіны ў краіне завод па вытворчасці аптычнага валакна, якое выкарыстоўваецца ў тэлекамунікацыйнай галіне і расійскімі вайскоўцамі ў вайне супраць Украіны.
У красавіку—маі мінулага года АО «Оптиковолоконные системы» ў Саранску выйшла з ладу ў выніку серыі ўкраінскіх атак і дагэтуль не аднавіла працу, паведаміў «Ведамасцям» генеральны дырэктар ComNews Group Леанід Конік. Вытворчыя магутнасці прадпрыемства складалі прыкладна 4 млн км аптычнага валакна ў год, з якога два дзясяткі расійскіх кабельных заводаў выраблялі валаконна-аптычныя кабелі. Цяпер яны на 100% залежаць ад паставак валакна з Кітая.
Пры гэтым кітайскія пастаўшчыкі з 2026 года паднялі цэны на аптычнае валакно для расійскіх пакупнікоў у 2,5–4 разы, адзначылі ў «Еврокабеле-1», «Инкабе» і ў найбуйнейшым у краіне магістральным аператары «Транстелеком». Паводле дадзеных Коніка, у пачатку 2025 года валакно G.652D, якое выкарыстоўваюць у валаконна-аптычных кабелях, каштавала ў Кітаі 16 юаняў за 1 км, да канца года — 25 юаняў, а ў студзені гэтага года — ужо 40 юаняў. Такі рэзкі рост цаны тлумачыцца рэзка ўзрослым попытам. У прыватнасці, Расія і Украіна пачалі выкарыстоўваць валаконна-аптычныя кабелі для дронаў, якія можна запускаць на адлегласць да 50 км. Гэта робіць беспілотнікі неўязлівымі для радыёэлектронных сродкаў падаўлення.
У выніку ў 2025 годзе Расія спажыла 10,5% ад сусветнай вытворчасці аптычнага валакна, хоць да гэтага паказчык не перавышаў 1%, кажа аналітык Даследчага цэнтра па валаконна-аптычных кабелях Пекінскага ўніверсітэта пошты і тэлекамунікацый (BUPT) Чунь Шэн. Такім чынам, у абсалютным вымярэнні Расія набыла ў мінулым годзе амаль 60 млн км валакна. Пры гэтым рост яго кошту для расійскіх спажыўцоў цалкам заканамерны, паколькі ў свеце ў цэлым назіраецца дэфіцыт валакна з-за развіцця штучнага інтэлекту і будаўніцтва інфраструктуры для яго, адзначыў аўтар тэлеграм-канала abloud62 Аляксей Бойка.
Асноўная рызыка сёння палягае не столькі ў цане, колькі ў фізічнай даступнасці аб'ёмаў валакна, кажа генеральны дырэктар «Инкаба» Аляксандр Смільгевіч. Паводле яго слоў, з-за росту закупачнага кошту сыравіны пастаўшчыкі ўжо перайшлі на 100-працэнтную перадаплату. У выніку кабельныя заводы не змогуць утрымліваць цэны на гатовую прадукцыю і будуць вымушаныя іх павысіць, дадаў Бойка. Паводле слоў Анастасіі Біджэлавай з «Телеком биржи», гэта непазбежна выкліча падаражанне ў Расіі як паслуг арэнды цёмнага валакна, так і будаўніцтва магістральных сетак сувязі.