Bloomberg: Орбан ідзе на адкрыты канфлікт з ЕС і Украінай
- 26.02.2026, 12:03
Дзеля выбараў.
Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан ідзе ва-банк, разгарнуўшы антыўкраінскую кампанію менш чым за сем тыдняў да выбараў, зрываючы апошнія пакеты дапамогі ЕС Кіеву і меры па пакаранні Масквы. Перспектыва гістарычнай паразы, якая можа пакласці канец яго 16-гадоваму кіраванню, змушае яго абараняцца пасля таго, як незалежнае апытанне паказала, што партыя Орбана адстае на 20 пунктаў.
Раней Орбан таргаваўся з ЕС, блакуючы дапамогу Украіне, але ў выніку заўсёды ішоў на кампраміс. Цяпер жа, з-за страху прайграць выбары, ён баіцца выглядаць слабым і можа стаяць на прынцыпе да самага канца. У Орбана цяпер можа быць мала магчымасцяў, каб зняць блакаванне з крэдытнага пакета для Украіны на суму 90 млрд еўра і 20-га пакета санкцый супраць Расіі, піша (Bloomberg https://www.bloomberg.com/news/articles/2026-02-25/orban-s-hardening-anti-ukraine-stance-means-trouble-for-the-eu). Для Украіны гэта катастрофа: пакуль венгерскі прэм'ер ратуе свой рэйтынг, у Кіева праз пару тыдняў могуць проста скончыцца грошы.
Энергетычны шантаж і «нафтавая блакада»
Напады Орбана на Кіеў былі часткай ягонай стратэгіі яшчэ да поўнамаштабнага ўварвання Расіі, апіраючыся на гістарычныя крыўды і сувязі Будапешта з Масквой. Нядаўна ён падвоіў намаганні, кляймя Украіну і яе прыхільнікаў у ЕС «падпальшчыкамі вайны», якія імкнуцца перакрыць пастаўкі энергарэсурсаў у Венгрыю, і абяцаючы ўтрымаць краіну ад удзелу ў канфлікце.
Бягучы канфлікт з Кіевам быў справакаваны студзеньскай атакай, якая вывела з ладу нафтаправод «Дружба», што пастаўляе расійскую нафту праз захад Украіны ў Венгрыю і Славакію. Орбан і прэм'ер-міністр Славакіі Роберт Фіцо абвінавацілі Украіну ў зацягванні рамонту і спыненні паставак; Кіеў заяўляе, што аднаўленне патрабуе часу.
Орбан абяцае блакаваць любое рашэнне ЕС, якое можа дапамагчы Украіне, пакуль Кіеў не адновіць прапампоўку, пішуць СМІ. Фіцо ж заявіў, што не чакае аднаўлення паставак да 3 сакавіка. Асаблівае абурэнне ў Бруселі выклікала тое, што Орбан заблакаваў крэдытны пакет, які сам жа ўхваліў на сустрэчы лідараў ЕС яшчэ ў снежні. У выніку візіт прэзідэнткі Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен у Кіеў, прыурочаны да чацвёртай гадавіны вайны, аказаўся ў многім сімвалічным. У матэрыяле адзначаецца, што кіраўніца Еўракамісіі прыехала фактычна з пустымі рукамі: згаданы ёю пакет дапамогі на 920 млн еўра для аднаўлення энергетыкі і так ужо даўно быў у працы.
«Гэта вельмі, вельмі засмучальна. Канечне, з пазітыўнага боку, мы ўжо бачылі гэта раней і заўсёды ўрэшце прыходзілі да выніку і рашэння», — заявіла кіраўніца знешнепалітычнага ведамства ЕС Кая Калас у адным з апошніх інтэрв'ю.
Барацьба за палітычнае выжыванне
Супрацьстаянні Орбана з Бруселем сапраўды вырашаліся ў мінулым — звычайна дзеля захавання плыні грошай ад ЕС або вытаргавання ўступак. Будапешт стараўся не разрываць адносіны з іншымі сталіцамі цалкам. Але цяпер, калі Орбан змагаецца за сваё палітычнае жыццё перад галасаваннем у красавіку, яго ўвага сканцэнтраваная на ўмацаванні ўнутранай падтрымкі, паведаміў дыпламат на ўмовах ананімнасці.
«Вы ўсе сталі на бок украінцаў супраць уласнай радзімы. Супраць венгерскіх сем'яў і кампаній — кожны з вас», — заявіў Орбан у парламенце, паказваючы пальцам на апазіцыйных дэпутатаў. На наступны дзень венгерскі прэм'ер загадаў узмацніць ахову энергетычнай інфраструктуры Венгрыі і забараніў палёты беспілотнікаў у акрузе, якая мяжуе з Украінай, спаслаўшыся на тое, што ён назваў «нафтавай блакадай» з боку Украіны.
Выбары блізка
Апытанне Median можа стаць для Орбана астуджальным сігналам. Партыя «Тіса» пад кіраўніцтвам выхадца з кіруючай эліты Пэтэра Мадзяра апярэджвае партыю Орбана «Фідэс» з вынікам 55% супраць 35% сярод тых, хто цвёрда намерыўся галасаваць (у параўнанні з 12-адсоткавым адставаннем у сярэдзіне студзеня).
Гэты разрыў — найвялікшы, зафіксаваны незалежнымі сацыёлагамі, і ён выводзіць «Тіса» на шлях да звышбольшасці ў парламенце. Форынт умацаваўся на 0,6% адносна еўра пасля публікацыі апытання.
Такі карэнны паварот у Будапешце падштурхоўвае рыторыку Орбана: ён усё часцей сцвярджае, што яго роля найбліжэйшага саюзніка крэмлёўскага дыктатара Уладзіміра Пуціна ў ЕС апраўдала сябе. Венгрыя працягвае імпартаваць танную нафту з Расіі, нават калі большасць сябраў ЕС спынілі гандаль з Масквой. Гэта партнёрства з'яўляецца цэнтральным элементам дзяржаўнай прапаганды. У кожным рахунку за электраэнергію, які атрымліваюць спажыўцы, яскрава-чырвоным колерам выдзелена, колькі грошай ім зэканоміла дзяржаўная праграма «зніжэння тарыфаў», пішуць СМІ.
Антыкіеўская павестка таксама адцягвае ўвагу ад фактараў, якія дапамаглі партыі «Тіса» ў апытаннях: слабога эканамічнага росту, высокай інфляцыі і нядаўніх скандалаў, што падарвалі падтрымку Орбана.