У Беларусь ідзе палаводдзе
- 26.02.2026, 13:24
Могуць быць падтопленыя 159 населеных пунктаў.
Пры негатыўным сцэнары развіцця палаводдзя «падтопленню могуць падвергнуцца 159 населеных пунктаў у 60 раёнах» Беларусі, паведаміў на прэс-канферэнцыі 26 лютага ў Мінску намеснік начальніка ўпраўлення каардынацыі і кантролю дзейнасці міністэрстваў і мясцовых органаў улады Галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі НС і грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Максім Буто, піша «Позірк».
Цяпер, паводле слоў спікера, паводкавая сітуацыя «ацэньваецца як стабільная: падтопленняў на тэрыторыі краіны сёлета не зарэгістравана».
Разам з тым у межах падрыхтоўкі да вясновага палаводдзя МНС «загадзя прыняло адпаведнае распараджэнне», якім прадугледжаны «шэраг мерапрыемстваў па арганізацыі работы органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях».
У сваю чаргу начальніца аддзела гідралагічных прагнозаў службы гідралогіі і аграметэаралогіі Белгідрамета Алена Зубчанок заявіла, што ў 2026-м палаводдзе «чакаецца вышэйшае, чым у папярэднія гады».
«Максімальныя ўзроўні вады будуць блізкія да сярэдніх шматгадовых значэнняў, — адзначыла яна. — Амаль паўсюдна вада выйдзе на пойму. На большасці рэк максімумы наблізяцца да небяспечных высокіх адзнак, пры якіх раней адзначаліся затапленні прыбярэжных тэрыторый».
Найбольш складаная паводкавая сітуацыя, паводле яе слоў, прагназуецца ў басейнах рэк Дняпро, Сож і Прыпяць.
Паводле прагнозу Таварыства ратавання на водах (АСВОД), як сказала ягоная афіцыйная прадстаўніца Кацярына Міхалева, у Брэсцкай вобласці «ў зону магчымых падтопленняў» трапляюць Столінскі, Пінскі, Брэсцкі і Маларыцкі раёны. У Віцебскай вобласці падтопленні прагназуюцца ў басейнах рэк Заходняя Дзвіна і Дняпро, «у тым ліку на тэрыторыі Мёрскага і Верхнядзвінскага раёнаў». У Гомельскай вобласці «падтопленні магчымыя ў самым Гомелі, а таксама ў Гомельскім і Добрушскім раёнах».
Раней кіраўнік МНС Вадзім Сіняўскі адзначаў, што для аператыўнага рэагавання сфармаваныя зводныя групы колькасцю не менш як 30 чалавек кожная.
Асаблівы акцэнт зроблены на забеспячэнні транспартнай даступнасці ў патэнцыйна небяспечных зонах. У прыватнасці, атрад спецпрызначэння «Зубр» гатовы забяспечваць праезд у раёнах, дзе вада можа перакрыць дарогі. У яго распараджэнні два тыпы наплаўных мастоў і паромныя пераправы.
У МНС падкрэслілі: усе падраздзяленні знаходзяцца ў поўнай гатоўнасці аператыўна рэагаваць на магчымыя паводкавыя сітуацыі.