У Калумбіі па запыце ЗША затрымалі крамлёўскага кілера
- 26.02.2026, 15:50
Былога спецназаўца ФСБ абвінавачваюць у падрыхтоўцы заказных забойстваў у Еўропе.
У Калумбіі затрымалі грамадзяніна Расіі Дзяніса Алімава, якога ЗША абвясцілі ў міжнародны вышук па абвінавачанні ў падрыхтоўцы заказных забойстваў у Еўропе, паведамляе El Pais.
Затрыманне адбылося 24 лютага ў аэрапорце Баготы, куды расіянін прыбыў рэйсам Turkish Airlines і адкуль ён збіраўся накіравацца ў Картахену — папулярны сярод турыстаў горад у краіне. Адразу пасля прыбыцця яго рэйса Алімава затрымалі супрацоўнікі Інтэрпола і Упраўлення крымінальных расследаванняў (DIJIN) Калумбіі. «Асоба была паспяхова выяўлена і затрыманая», — адзначылі праваахоўнікі, дадаўшы, што яны былі гатовыя да таго, што ён можа прыляцець у краіну па падробленых дакументах, каб пазбегнуць арышту.
Згодна з расследаваннем, праведзеным у ЗША, 42-гадовы Алімаў у перыяд з кастрычніка 2024-га па сакавік 2025-га ўдзельнічаў у змове з мэтай забойства двух «вядомых еўрапейскіх дзеячаў», аднак каго менавіта — не ўдакладнялася. У прыватнасці, ён аплаціў $60 тыс. выдаткаў наймітаў і абяцаў выплаціць па $1,5 млн за кожнае здзейсненае забойства. Аднаго з саўдзельнікаў расіяніна затрымалі ў сакавіку 2025-га ў Нью-Ёрку. Пасля гэтага Алімаў стаў фігурантам справы, якую разглядаў суд ЗША па Паўднёвым акрузе штата Нью-Ёрк. 18 снежня суд выдаў ордэр на арышт Алімава па абвінавачанні ў змове з мэтай выкрадання і забойства людзей, а таксама ў аказанні матэрыяльнай падтрымкі тэрарыстам.
Паводле даных ВЧК-ОГПУ, Алімаў як мінімум да 2022 года служыў у вайсковай частцы 35690, якая з’яўляецца Цэнтрам спецыяльнага прызначэння ФСБ, а таксама базай спецпадраздзялення «Вымпел». У Алімава быў пазыўны «Арыец». Ён таксама мог спецыялізавацца на падводных аперацыях. У Інтэрпале адзначылі, што расіянін быў перададзены Упраўленню па міжнародных справах генеральнай пракуратуры Калумбіі. Ідзе падрыхтоўка да яго экстрадыцыі ў ЗША, дзе яму пагражае ад 15 гадоў пазбаўлення волі да пажыццёвага зняволення.
У сакавіку 2022 года праваахоўныя органы Калумбіі арыштавалі расіяніна Сяргея Вагіна, якога ЦРУ абвінавачвала ў шпіянажы і ўмяшанні ў выбары прэзідэнта. Праз тры гады доказы гэтага так і не былі прадстаўлены, і Вагіна вызвалілі з-пад варты. У лютым гэтага года калумбійскія ўлады перадалі Маскве абвінавачанага ў махлярстве ў асабліва буйным памеры расіяніна, які пакінуў Расію ў 2023 годзе і быў абвешчаны ў міжнародны вышук.