Як сацсеткі рэагуюць на «Шахед» над Гомлем
- 26.02.2026, 18:50
Беларусы абураныя.
Беларускі сегмент сацсетак кіпіць 26 лютага — людзі заўважылі як мінімум адзін дрон, які кружыў над Гомлем. Гэта быў расійскі беспілотны лятальны апарат тыпу «Шахед». «Белсат» даведаўся, як людзі рэагуюць на інцыдэнт.
Паводле «Флагштока», чорны беспілотнік з характэрным гукам «як у мапеда» лятаў над Гомлем раніцай. Афіцыйных паведамленняў пра пагрозу не было.
«Гомель, што гэта ў нас ужо трэці раз такое ляціць і моцна гудзе?», — дзівіцца адна карыстальніца сацсетак.
Хтосьці адказвае, што планавалася сірэна, бо 26 лютага ў горадзе МНС праводзіць праверку сістэм апавяшчэння. Пры гэтым людзі не заўважылі, каб сірэна гучала падчас палёту беспілотніка над горадам.
«Ну па гуку я магу адрозніць сірэну. Гэта дакладна была не яна», — адказваюць у каментарах.
Іншыя паведамляюць пра беспілотнік і, як заўсёды, нават у крытычных сітуацыях людзі жартуюць:
«Пералётныя дроны дадому вяртаюцца», — пішуць у сацсетках.
«Відаць, да дажджу», — жартуе каментатар.
«Ну так, нізка лятае», — адказвае іншы.
«Кукуха ўсіх дэпутатаў і кіраўнікоў горада», — адказвае на пытанне, што лятае над горадам, яшчэ адзін чалавек.
«Спадзяюся, ніхто не пацерпіць, а то давядзецца пазбаўляць грамадзянства пацярпелых і запісваць у экстрэмісты незадаволеных. Усяго толькі некіраваны боепрыпас лятае, без панікі», — іранізуюць у інтэрнэце.
Некаторыя абураюцца тым, што адбываецца:
«Нармальна — збіваць усе дроны адразу пры перасячэнні мяжы, чые б яны ні былі, а не дазваляць ім кружыць над нашымі гарадамі».
Таксама людзі трывожацца і распавядаюць, што па гуку было падобна на перамяшчэнне «шахеда». Адна з карыстальніц сацсетак сцвярджае, што бачыла тры дроны:
«Спакойна па небе над дзіцячым садам у дварах ляцелі, даволі нізка...».
«Таксама чула... трывожна», — дадае іншая жанчына.
Людзі ў сацсетках абураліся маўчаннем чыноўнікаў, бо толькі неафіцыйны тэлеграм-канал, звязаны з ідэолагамі Гомельскага аблвыканкама «проста, каб ведаць», апублікаваў меры бяспекі пры выяўленні дронаў і палохаў людзей крымінальнай адказнасцю за «любую здымку і публікацыю фота або відэа». Пры гэтым нармальных тлумачэнняў таго, што адбываецца, не было.
Аднак аднаму з карыстальнікаў сацсетак такі падыход спадабаўся.
«А н***я яго здымаць? Н***й рабіць? Вазьмі вілы і ў калгас», — раіць ён, як перажыць інцыдэнт, што пагражае жыццю.