BE RU EN

Лукашэнка заявіў, што беларусы «у Еўропу ўвогуле не ездзяць»

  • 26.02.2026, 19:35

Дыктатар нахлусіў Пуціну, што нашы суайчыннікі нібыта масава едуць у РФ.

На пасяджэнні так званага вышэйшага дзяржаўнага савета «саюзнай дзяржавы» 26 лютага ў Маскве Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларусы перасталі ездзіць у Еўропу, затое ўсё часцей выбіраюць для падарожжаў Расію і Кітай.

У ходзе пасяджэння Лукашэнка адрапартаваў пра хуткі запуск прыгранічных чыгуначных перавозак па маршрутах Віцебск — Смаленск і Орша — Смаленск, перадае «Зеркало».

— Вось гэта тое, што трэба. І тады не трэба нікога ўгаворваць: быць у саюзе ці не быць у саюзе. Трэба рабіць гэтыя крокі для людзей, — лічыць узурпатар.

Паводле слоў Лукашэнкі, ён часта абмяркоўваў тэму чыгуначнага паведамлення паміж Беларуссю і Расіяй з прэм’ер-міністрам РФ Міхаілам Мішусціным:

— Ён сёння часта гаворыць пра тое, што мы ўзмоцнім, паскорым наша супрацоўніцтва ў плане перавозак. Як толькі вы ўвялі дадатковыя «Ластачкі» (хуткасныя цягнікі, якія рэгулярна курсіруюць паміж Мінскам і Масквой. — Заўв. рэд.), у нас велізарная колькасць беларусаў паехала ў Маскву. І сёння іх ужо недастаткова.

Далей дыктатар прамовіў, звяртаючыся да кіраўніка РФ Уладзіміра Пуціна:

— Уладзімір Уладзіміравіч, мушу адзначыць (мне якраз учора даклалі): нашы беглыя ўжо занепакоіліся тым, што беларусы ў Еўропу ўвогуле не ездзяць. Усе едуць на ўсход. Менш — у Кітай. Больш — у Маскву, у Расійскую Федэрацыю. Вось што значыць ісці ад зямлі. Мы робім тое, што патрэбна нашым людзям.

Апошнія навіны