Сябры Пуціна дабудавалі для яго палац пад Геленджыкам, а астатнія грошы падарылі Кабаевай
- 26.02.2026, 20:08
Будаўніцтва палаца вялося прыкладна 20 гадоў.
Мільярды рублёў, што засталіся пасля будаўніцтва палаца для < Уладзіміра Пуціна пад Геленджыкам, пайшлі ў фонды, звязаныя з каханкай прэзідэнта, гімнасткай Алінай Кабаевай, высветліў Фонд барацьбы з карупцыяй. Паводле даных расследавальнікаў, працы былі завершаныя ў 2023 годзе. Палац будавала кампанія «Інвестыцыйныя рашэнні», падкантрольная аднакурснікам прэзідэнта Мікалаю Ягораву, Ільгаму Рагімаву і Віктару Хмарыну. Пасля фінальных разлікаў у яе засталося 6,5 млрд рублёў.
4 красавіка 2023 года кампанія ахвяравала дабрачыннаму фонду Кабаевай 500 млн рублёў, а 1 лістапада пералічыла яму яшчэ 2,5 млрд. Паводле інфармацыі ФБК, з гэтых грошай на падтрымку гімнастыкі, уключаючы фестываль «Аліна», пайшло 263,5 млн рублёў, яшчэ 31 млн быў выдаткаваны на рэканструкцыю храма ў Крыме. Астатнія сродкі Кабаева паклала на дэпазітны рахунак і зарабіла на працэнтах з іх 225 млн рублёў у 2024 годзе.
Акрамя таго, 3,5 млрд ад «Інвестыцыйных рашэнняў» атрымаў другі фонд каханкі прэзідэнта — «Нябесная грацыя». За два гады ён выдаткаваў на аднайменны гімнастычны турнір амаль 500 млн рублёў. Частка сродкаў пайшла на арганізацыю спартыўных збораў на Валдаі — у 1,5 км ад прэзідэнцкай рэзідэнцыі. Паводле даных ФБК, мерапрыемства ўладкавалі для таго, каб двое сыноў Пуціна і Кабаевай пагутарылі з аднагодкамі.
Яшчэ 30 млн рублёў фонд патраціў на пакупкі ў Імператарскай Пецяргофскай фабрыцы. У расследаванні гаворыцца, што ў Пуціна «мінімум дзве» мадэлі гадзіннікаў яе вытворчасці. Асноўную частку грошай, пераведзеных сябрамі прэзідэнта для «Нябеснай грацыі», Кабаева таксама паклала на дэпазіт. У 2024 годзе даход па ўкладу склаў 435 млн рублёў — гэта больш, чым гадавы бюджэт Федэрацыі гімнастыкі Расіі.
Будаўніцтва палаца для Пуціна ў Геленджыку вялося прыкладна 20 гадоў. Ён займае 7000 гектараў — гэта як 39 княстваў Манака. На тэрыторыі ёсць храм, хакейны комплекс, кінатэатр, караоке-кальянная, піўная, більярдная, некалькі рэстаранаў, аквадыскатэка і шэраг іншых збудаванняў. Паводле даных ФБК, будаўніцтва фінансавалася за кошт пазык ад ананімных афшорных кампаній, зарэгістраваных на Брытанскіх Віргінскіх выспах.
Пасля таго, як Аляксей Навальны выпусціў расследаванне пра палац Пуціна ў 2021 годзе, уладальнікам комплексу абвясціў сябе яшчэ адзін сябар прэзідэнта — Аркадзь Ратэнберг. Пры гэтым расследавальнікі высветлілі, што ён набыў аб’ект усяго за 800 тысяч рублёў пры рэальнай вартасці відавочна больш за 100 млрд, паводле ацэнкі ФБК.