Суд у Гродне канфіскаваў у даход дзяржавы суперкар McLaren за 260 тысяч еўра
- 26.02.2026, 21:28
Беларус спрабаваў увезці ў краіну аўтамабіль, занізіўшы яго кошт.
Люксавы аўтамабіль McLaren за 260 тысяч еўра спрабавалі незаконна ўвезці ў Беларусь яшчэ ў 2021 годзе, занізіўшы кошт у дзясяткі разоў. Тады аўтамабіль канфіскавалі, а праз амаль пяць гадоў суд вынес прысуд, паведаміла тэлерадыёкампанія «Гродна».
У лістападзе 2021-га мытнікі паведамлялі, што беларус спрабаваў увезці ў краіну аўтамабіль McLaren 720S Spider 2019 года выпуску, занізіўшы яго кошт у 14 разоў. Машыну везлі на лафеце з Літвы.
Згодна з дакументамі, кошт іншамаркі складаў каля 18 тысяч еўра. Падчас праверкі супрацоўнікі мытні ўстанавілі, што рэальная вартасць McLaren складае больш за 260 тысяч еўра.
Тады ў адносінах да 43-гадовага беларуса ўзбудзілі крымінальную справу па ч. 1 арт. 14, ч. 2 арт. 231 КК (Замах на ўхіленне ад выплаты мытных плацяжоў).
Прысуд вынеслі толькі цяпер. Як высветлілася, беларус, у адносінах да якога ўзбуджаная крымінальная справа, быў дырэктарам літоўскай кампаніі.
Як паведамляецца, «па папярэдняй змове з неўстаноўленымі асобамі працаўнікам мытні былі пададзены дакументы, што ўтрымлівалі недакладныя звесткі не толькі пра кошт і тэхнічны стан аўтамабіля McLaren, але і пра яго атрымальніка».
Дагавор на аўтаперавозку спарткара быў заключаны паміж інвалідам 2-й групы і гродзенскай фірмай-перавозчыкам.
Суд прызнаў мужчыну вінаватым у замаху на ўхіленне ад выплаты мытных плацяжоў у буйным памеры, здзейсненым групай асоб па папярэдняй змове. Яму прызначана пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 300 базавых велічынь (12 600 рублёў). Аўтамабіль McLaren канфіскаваны ў даход дзяржавы.