Дзённік лётчыка, які скінуў бомбу на Хірасіму, прадаецца амаль за $1 млн
- 27.02.2026, 3:27
У ім змяшчаецца запіс «Божа, што мы нарабілі?»
Дзённік амерыканца Роберта Льюіса — аднаго з лётчыкаў самалёта-бамбардзіроўшчыка «Enola Gay», які скінуў атамную бомбу на японскі горад Хірасіма, — выставілі на продаж у Каліфорніі за $950 тыс., піша Washington Post.
На вокладцы напісана: «Уласнасць Роберта А. Льюіса… Бамбардзіроўка Хірасімы 6 жніўня 1945 года». У дзённіку, у прыватнасці, ёсць запіс «Божа, што мы нарабілі?» ("My God, what have we done?"), зроблены пасля скідання першай атамнай бомбы.
Паводле звестак выдання, дзённік лётчыка прадае антыквар Дэн Уітмор «па даручэнні заможнага ўладальніка». Гэта ўжо пяты раз, калі лот выставляецца на продаж. Упершыню яго прадалі на аўкцыёне за $37 тыс. у 1971 годзе. Льюіс, які прысутнічаў на таргах (ён памёр у 1983 годзе), сказаў, што «не ведаў, што яшчэ з ім рабіць», нагадвае газета.
«Гэта, напэўна, адзін з найважнейшых дакументаў часоў Другой сусветнай вайны. У многім гэта паваротны момант для ўсяго свету ў XX стагоддзі», — заявіў Уітмор у размове з Washington Post.
6 жніўня 1945 года ВПС ЗША скінулі на Хірасіму уранававую бомбу «Малыш». Праз тры дні на Нагасакі была скінута плутонавая бомба «Тоўстун».
У выніку Хірасіма была практычна цалкам знішчаная, загінулі ад 70 да 80 тыс. чалавек. Ад 90 да 166 тыс. чалавек загінулі да канца 1945 года, у тым ліку ад радыяцыйнага паражэння. Другі выбух закрануў раён плошчай прыблізна 110 кв. км, у момант выбуху загінулі 70 тыс. жыхароў. Японія афіцыйна прыняла ўмовы капітуляцыі 14 жніўня.