Гілары Клінтан дала паказанні па справе Эпштэйна
- 27.02.2026, 9:10
Далей у чарзе — яе муж.
Былая дзяржсакратарка ЗША Гілары Клінтан дала паказанні па справе сэксуальнага злачынцы Джэфры Эпштэйна, дапытанне цягнулася некалькі гадзін. Паводле яе слоў, яна «не мела ўяўлення» пра злачынствы фінансіста.
Пра гэта паведамляе BBC.
Дапытанне Клінтан
Камітэт Палаты прадстаўнікоў ЗША па пытаннях нагляду ў расследаванні сувязяў Эпштэйна заслухаў Клінтан у сераду, 25 лютага.
Асноўная ўвага была нададзена пытанням, звязаным з дакументамі і электроннай перапіскай, якія апынуліся ў распараджэнні следства і датычацца фінансіста і асуджанага сэксуальнага злачынцы Джэфры Эпштэйна.
Рэспубліканскія заканадаўцы настойвалі, што Клінтан павінна адказаць на пытанні пра свае сувязі з Эпштэйнам у 1990-я і 2000-я гады, а таксама пра яе ролю ў кантэксце дакументаў, адкрытых для доступу і абнародаваных у выніку новага федэральнага заканадаўства аб празрыстасці файлаў Эпштэйна.
Клінтан цвёрда адхіліла абвінавачанні, назваўшы іх палітызаванымі і неабгрунтаванымі. Паводле яе слоў, «няма ніякіх доказаў, якія б звязвалі мяне або майго мужа са злачынствамі, у якіх абвінавачваецца Эпштэйн».
«Я не памятаю, каб калі-небудзь сустракалася са спадаром Эпштэйнам. Я ніколі не лятала яго самалётам і не наведвала яго востраў, дамы або офісы. Мне няма чаго дадаць», — сказала яна.
Былая дзяржсакратарка таксама заклікала камітэт дапытаць прэзідэнта Дональда Трампа па справе Эпштэйна, які неаднаразова фігураваў у файлах.
Заканадаўцы не раскрылі, якія пытанні былі зададзены Гілары, але выказалі здагадку, што дапытанне было марнаваннем часу і нічога новага яны не даведаліся.
Яе мужа, экс-прэзідэнта ЗША Біла Клінтана, дапытаюць у пятніцу.
Клінтаны ў файлах Эпштэйна
Як вядома, Гілары Клінтан непасрэдна ў матэрыялах справы не фігуруе, аднак згадваецца ўскосна — праз кантакты яе мужа з Эпштэйнам у перыяд, калі Біл Клінтан ужо не займаў дзяржаўных пасад.
Біл Клінтан раней падкрэсліваў, што разарваў любыя кантакты з Эпштэйнам за шмат гадоў да яго смерці ў нью-ёрскай турме ў 2019 годзе і не ведаў пра яго злачынную дзейнасць.
Аднак экс-прэзідэнт ЗША неаднаразова фігураваў у расследаваннях адносна гэтага сэксуальнага злачынцы праз пералёты на яго прыватным самалёце і асабістыя кантакты ў 2000-я гады.
Акрамя кадраў — фота і відэа, дзе Клінтан зафіксаваны з Эпштэйнам, рэзананс выклікала карціна, знойдзеная ў доме фінансіста і сэксуальнага злачынцы. На ёй Біл Клінтан намаляваны ў сукенцы і на абцасах.