BE RU EN

Ватыкан выпусціў незвычайную марку ў падтрымку ўкраінцаў

  • 27.02.2026, 11:29

Дызайн стаў нетыповым для ватыканскай філатэліі.

Ватыкан да чацвёртай гадавіны поўнамаштабнага ўварвання Расіі прадставіў новую паштовую марку, прысвечаную ўкраінскім каталікам. На ёй адлюстраваны Патрыяршы сабор Уваскрасення Хрыстова ў Кіеве падчас блекауту.

Пра гэта паведамляе Reuters.

Дызайн маркі стаў нетыповым для ватыканскай філатэліі. Паштовая служба Святога Пасаду звычайна выпускае маркі з нагоды каталіцкіх святаў або ў гонар нацыянальных Цэркваў, пазбягаючы палітычных акцэнтаў і аддаючы перавагу выявам рэлігійных постацяў, у прыватнасці мясцовых святых.

На новай марцы кіеўскі сабор адлюстраваны зацямнёны праз адключэнне электраэнергіі, аднак яго сілуэт пазаду асвятляе аранжавае ззянне вячэрняга неба.

Кіраўнік УГКЦ Святаслаў Шаўчук, які прысутнічаў у Ватыкане на цырымоніі прэзентацыі, назваў выпуск маркі «вялікім момантам суцяшэння».

«Мы сапраўды адчуваем падтрымку Святога Пасаду за гэтую асаблівую ўвагу да нашай гісторыі, да нашага жыцця ў гэты трагічны момант вайны», — сказаў ён па-італьянску.

Марку таксама прымеркавалі да 30-годдзя аднаўлення Кіеўскай каталіцкай дыяцэзіі пасля распаду СССР і 12-й гадавіны ўзвядзення сабора.

Апошнія навіны