У Расіі ўпершыню масава абвясцілі ракетную небяспеку
- 27.02.2026, 16:48
З-за «Фламінга».
У Расіі днём 27 лютага ўпершыню з пачатку вайны ва Украіне «ракетную небяспеку» абвяшчалі адначасова як мінімум у 13 рэгіёнах, большасць з якіх не з'яўляюцца памежнымі, піша The Moscow Times.
Пра магчымую ракетную атаку папярэджвалі ўлады Татарстана, Башкартастана, Чувашыі, Удмуртыі, Самарскай, Ульянаўскай, Пензенскай, Саратаўскай, Арэнбургскай, Свярдлоўскай, Растоўскай і Курскай абласцей, а таксама Пермскага краю. Як мінімум у васьмі з іх ракетную небяспеку абвяшчалі ўпершыню. У некаторых рэгіёнах, напрыклад у Альмет'еўску, прыпынялі рух грамадскага транспарту. Акрамя таго, абвяшчалася эвакуацыя навучэнцаў у Казані і Іжэўску, а таксама супрацоўнікаў аэрапорта Курумоч у Самары.
ТАСС са спасылкай на ўрад Чувашыі паведамляе, што адна ўкраінская ракета «Фламінга» была збіта ў небе над рэспублікай, а іншая «змяніла курс і паляцела за межы рэгіёна». Паводле інфармацыі Shot, у Чувашыі былі збітыя дзве «Фламінга».
У пятніцу таксама масава ўводзіліся абмежаванні на прыём і вылет самалётаў у аэрапортах Арэнбурга, Казані, Ульянаўска, Саратава, Пензы, Самары і іншых гарадоў. У Мінабароны РФ афіцыйную інфармацыю пра абстрэлы расійскіх рэгіёнаў ракетамі з боку ЗСУ не публікавалі.
Таксама ў шэрагу суб'ектаў у пятніцу абвяшчалі пра беспілотную небяспеку — у Белгародскай, Саратаўскай і Ульянаўскай абласцях, а таксама ў Краснадарскім краі.
Да гэтага Украіна нанесла ўдар ракетамі «Фламінга» па ключавым стратэгічным заводзе ў удмурцкім Воткінску, дзе вырабляюць ракеты для камплексаў «Іскандэр-М», «Топаль-М», «Арэшнік» і іншых сістэм.