BE RU EN

Скандал у «Еўраопце»: 96‑гадоваму дзядулю не дазволілі прысесці на стул каля касы

  • 27.02.2026, 17:20

Беларусы раззлаваліся.

Касірка адной з крам «Еўраопт» не дазволіла стомленаму пажылому мужчыну пасядзець на яе стуле. Як адрэагавалі на гэту сітуацыю беларусы і як яе ўрэшце вырашылі, піша Blizko.by.

«Людзі, будзьце дабрэйшымі. Сітуацыя адбылася ў краме «Еўраопт». Працавала адна каса, і ў чарзе стаяў старэнькі дзед. Яму было цяжка стаяць, і ён прысеў на свабодны стул, які быў ПУСТЫ на касе. І ведаеце што? Падышла касірка, наарала на яго і сказала, што гэты стул не прызначаны для яго. Я была проста ў шоку. Вядома, людзі заступіліся, але касірцы было ўсё адно. І ў выніку дзед сеў на металічную агароджу, якая падзяляла касы самаабслугоўвання і звычайныя. Гэта проста жах», — абурылася карыстальніца папулярнай сацсеткі.

Пост адразу набраў некалькі тысяч лайкаў. Беларусы горача абурыліся і паспачувалі дзядулю. Тут жа ўспомнілі нядаўні скандал у сетцы піцэрый. Пасыпаліся пагрозы: «Адмянілі «Додо Піцу» — і «Еўраопт» таксама адмянім». Успомнілі непрыемныя выпадкі хамства ў іншых крамах, а таксама расказалі пра прыемныя выключэнні.

«Чаму я плачу? А таму што ў мяне ёсць тата, і яму 74. І я вельмі хацела б, каб такое яго ніколі не закранула».

«На маёй мінулай працы да нас кожны вечар заходзіў дзядуля. Ён інвалід, без хадункоў перасоўвацца не мог. І мы яго заўсёды садзілі на стул і хадзілі збіраць яму прадукты паводле яго спісу. Дзядуля быў адзінокі, таму мог гадзінамі сядзець і размаўляць з персаналам. А ў гэтай паненкі на касе трэба забраць стул, хай увесь дзень абслугоўвае пакупнікоў стоячы. Можа хоць так зразумее, як гэта, калі хочацца проста прысесці».

Праўда, не ўсе былі настроены катэгарычна. Шмат хто адзначыў, што касірка дзейнічала паводле інструкцыі. Няўжо можна караць чалавека за тое, што ён выконвае сваю працу? Бо паненка адказвае за захаванасць грошай у касе. А добрыя людзі ў чарзе маглі і прапусціць старэнькага без чаргі, замест таго каб звальваць усю віну на супрацоўніцу крамы.

«Дабрыня дабрынёй, але і думаць трэба. Дзед, атрымліваецца, сеў на стул, які стаіць каля касы? Вядома, нельга. Тое, што касы не агароджаны, не азначае, што кожны можа сесці на працоўнае месца касіра, тым больш там, дзе знаходзяцца грошы. Раўнасільна: зайсці ў банк і сесці на працоўнае месца банкаўскага службоўца. І калі ўсе бачылі, як дзеду дрэнна, дык чаму яго ніхто не прапусціў наперад? Чаму ён стаяў у чарзе, усе глядзелі, але ніхто не прапусціў, не дапамог? Навошта шукаць крайніх, калі ўласнае «бервяно ў воку» маеш?»

«Еўраопт», між тым, адрэагаваў на пост, паабяцаўшы разабрацца ў сітуацыі.

А пакуль беларусы чакалі афіцыйнага адказу, дыскусія працягнулася.

Аўтарка паста патлумачыла, прычым шмат разоў, чаму ніхто не прапусціў старога чалавека наперад. У чарзе перад ім стаяла пажылая жанчына, а хто быў перад ёй — аўтарка не разгледзела.

Узьніклі пытанні: чаму ў гандлёвых кропках не прадугледжаны лаўкі? Бо блага можа стаць не толькі пажылым людзям. Усе часам могуць адчуць сябе нядобра. І што тады рабіць?

І вось які адказ даў «Еўраопт» сёння:

«Добры дзень! Мона, мы яшчэ раз хочам вам падзякаваць за тое, што не прайшлі міма і падзяліліся гэтай сітуацыяй! Кіраўніцтва кампаніі правяло ўнутраную праверку, па выніках якой з адміністрацыяй гандлёвага аб’екта і касіркай адбылася дысцыплінарная гутарка. Дырэктар і касірка прыносяць шчырыя выбачэнні. Мы таксама зробім усё магчымае, каб падобныя сітуацыі не паўтараліся.

Асобны дзякуй вам за ідэю: адміністрацыя дадзенай крамы паабяцала паклапаціцца пра тое, каб у доступе заўсёды быў стул, які супрацоўнікі пры неабходнасці змогуць аператыўна прапанаваць пажылым людзям. У нас сапраўды самыя лепшыя і чулыя пакупнікі! Дзякуй, што дапамагаеце нам станавіцца лепшымі!»

Апошнія навіны