Экс-прэм'ер Вялікабрытаніі будзе кансультаваць Зяленскага па эканамічных пытаннях
- 27.02.2026, 20:19
Рышы Сунак ужо прыступіў да працы.
Былы прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Рышы Сунак прыступіў да працы як дарадца ўрада Украіны ў межах Міжнароднага кансультатыўнага савета па эканамічным аднаўленні. Пра гэта паведамляе The Independent.
Сунак ужо прыняў удзел у першай сустрэчы савета, на якой прысутнічалі прадстаўнікі міжнародных фінансавых інстытутаў, у тым ліку прэзідэнт Сусветнага банка Аджай Банга і кіраўніца Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Адзіль Рэно‑Басо, а таксама кіраўнікі буйных кампаній.
«Захад мае патрэбу ў моцнай Украіне, а моцная Украіна мае патрэбу ў моцнай эканоміцы… Я рады далучыцца да міжнароднай групы, якая будзе дапамагаць прэзідэнту [Украіны Уладзіміру] Зяленскаму ў эканамічным аднаўленні», — заявіў Сунак.
У сацсетках Зяленскі адзначыў, што савет на першай сустрэчы абмеркаваў пытанні ўмацавання энергетычнай устойлівасці Украіны і шырокія інвестыцыйныя магчымасці, у тым ліку ў абаронную прамысловасць.