Пасольства Беларусі ў Ізраілі зрабіла тэрміновую заяву
- 28.02.2026, 16:01
На фоне сітуацыі ў Іране.
Пасольства Беларусі ў Ізраілі абвясціла, што адкрыла дзве тэлефонныя лініі сувязі для надзвычайных сітуацый. Нагадаем, 28 лютага стала вядома, што ЗША і Ізраіль нанеслі ўдары па Іране, а Тэгеран у адказ запусціў ракеты па амерыканскіх базах на Блізкім Усходзе.
Як паведамляюць у пасольстве, пры тэрміновай неабходнасці можна патэлефанаваць па наступных нумарах: 03−523−12−59 і 050−521−48−19. Але дыпламаты просяць выкарыстоўваць іх толькі пры сапраўды неадкладных абставінах.
«У цяперашні час Ізраіль дзейнічае ў адпаведнасці з упарадкаванымі і загадзя падрыхтаванымі пратаколамі на выпадак надзвычайнай сітуацыі. Упаўнаважаныя органы працягваюць бесперапынна адсочваць сітуацыю і дзейнічаць у поўнай каардынацыі з прадстаўнікамі турыстычнай галіны: гасцініцамі, гідамі, арганізатарамі ўязнога турызму і турагентамі», — удакладнілі ў беларускім пасольстве ў гэтай краіне.
Пры гэтым дыпламаты заклікаюць беларусаў, якія знаходзяцца ў Ізраілі, «неўхільна выконваць інструкцыі Службы камандавання тылу (гэта ваенная акруга Арміі абароны Ізраіля. — Заўв. рэд.)».