У недабудаваным кафэ ў Барысаве адбыўся выбух
- 28.02.2026, 18:43
Пацярпелі чацвёра рабочых.
Сёння каля 13:00 у Барысаве адбыўся выбух у будынку кафэ, што будуецца, на праспекце Рэвалюцыі. На месца адразу прыбыла следча-аператыўная група.
Цяпер следчыя разам са спецыялістамі ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Мінскай вобласці і супрацоўнікамі МНС праводзяць агляд месца здарэння. Эксперты фіксуюць пашкоджанні і ўсталёўваюць абставіны таго, што адбылося.
Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелі чатыры работнікі, якія ў момант выбуху выконвалі рамонтныя работы па ўцяпленні будынка. Пра характар іх траўмаў афіцыйна пакуль не паведамляецца.
Следства разглядае некалькі версій. Адна з асноўных — назапашванне газапаветранай сумесі. Папярэдне, уцечка магла адбыцца з балёнаў, якія выкарыстоўваліся падчас работ.
Праверка працягваецца, па яе выніках будзе дадзена прававая ацэнка.