BE RU EN

Рэжым аяталаў страляе сабе ў галаву

  • Дзмітрый Чарнышоў
  • 28.02.2026, 20:02

Было б дзіўна, калі б ваенныя стратэгі ЗША і Ізраіля не ўлічылі гэтую небяспеку.

Ёсць паведамленні, што Іран спрабуе перакрыць Армузскі праліў. Гэта стрэл сабе не ў нагу, а ў галаву — праз праліў праходзіць каля 20% сусветнага спажывання нафты і 20% звадкаванага газу. Штодня праз праліў праходзіць каля 17–19 мільёнаў барэляў нафты. Перакрыць праліў значыць настроіць супраць сябе адразу і ўсіх вытворцаў нафты і газу (Саудаўская Аравія, ААЭ, Кувейт, Ірак, Катар), і ўсіх спажыўцоў (Еўропа, Кітай, Індыя, Японія, Паўднёвая Карэя і інш.). Гэта значыць самому застацца без грошай.

Іран мае берагавую лінію ўздоўж усяго выгібу Армузскага праліва. Ёсць ракетныя батарэі на астравах Абу-Муса і Вялікім Томбе, флатылія малых катэраў і падводныя лодкі. Іранскія ваенныя дактрыны «роя» і асіметрычнай вайны распрацоўваліся дзесяцігоддзямі менавіта пад гэтую задачу. Іран можа паспрабаваць замініраваць праліў і атакаваць танкеры дронамі. Дастаткова спаліць некалькі танкераў, каб рух праз праліў спыніўся.

Было б дзіўна, калі б ваенныя стратэгі ЗША і Ізраіля не ўлічылі гэтую небяспеку. З вялікай доляй верагоднасці спроба перакрыцця праліва з трэскам праваліцца. Акрамя таго, Іран сам вельмі ўразлівы для атакі. Цытую артыкул Васіля Гаварухіна «Як тры эскадрылі могуць знішчыць эканоміку Ірана»:

***

Магчымыя іранскія аб’екты для ўдару ў адказ:

1. Найбуйнейшы нафтавы тэрмінал Ірана на востраве Харк (на карце абведзены чорным кругам). Праз яго праходзіць каля 90% усяго экспарту іранскай нафты і нафтапрадуктаў. Гэта адзін з нешматлікіх нафтавых тэрміналаў у свеце, здольных прымаць самыя буйнатанажныя нафтаналіўныя танкеры. На гэтым тэрмінале адначасова могуць швартавацца 9 танкераў рознага водазмяшчэння. Наяўныя на востраве Харк нафтасховішчы дазваляюць штодня адпраўляць спажыўцам больш за 10 млн барэляў нафты.

2. Кенганскі завод па перапрацоўцы газу (на карце абведзены шэрым кругам). Іран і дагэтуль з’яўляецца адным з найбуйнейшых спажыўцоў газу ў свеце. Дзве траціны ўсёй электраэнергіі ў краіне генеруецца з яго выкарыстаннем. І нягледзячы на каласальную важнасць гэтага рэсурсу для Ірана, у краіне існуе толькі адзін завод па яго перапрацоўцы, што знаходзіцца ў горадзе Кенган. У выпадку выхаду гэтага завода з ладу Іран за некалькі дзён страціць магчымасць забяспечваць сябе электраэнергіяй нават на мінімальным узроўні.

3. Порт Шахід Раджаі ў Бандар-Абасе (на карце абведзены сінім кругам). Адзіны іранскі глыбакаводны порт з выхадам у сусветны акіян, праз які праходзіць каля 40% усяго іранскага імпарту (і прыблізна столькі ж экспарту). Прычым большая частка ідзе ў цэнтральны рэгіён Ірана, уключаючы Тэгеран. Яго выхад з ладу пагражае краіне нябачанымі збоямі паставак прадуктаў харчавання, прамысловых тавараў і абсталявання.

Дзмітрый Чарнышоў, «Фэйсбук»

Апошнія навіны