У Фінскім заліве выбухнула судна, што ішло ў порт Пецярбурга
- 5.02.2026, 18:03
Пасля выбуху на борце ўспыхнуў пажар.
У акваторыі Фінскага заліва на падыходзе да Санкт-Пецярбурга адбыўся выбух на кантэйнерным судне MSC Giada III з 22 членамі экіпажа на борце, якое ішло ў горад з бельгійскага Антвэрпэна. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал MNS са спасылкай на сваю крыніцу.
Выбух у маторным адсеку судна, якое ходзіць пад сцягам Ліберыі, раздаўся, калі яно апынулася ў Неўскай губе. Пасля гэтага ўспыхнуў пажар, і агонь ахапіў палубную надбудову. Паводле дадзеных сэрвісу Starboard Maritime Intelligence, якія прыводзіць The Insider, апошні сігнал пра месцазнаходжанне кантэйнернага судна паступіў каля 19:30 4 лютага, пасля чаго яно знікла з радараў. Раніцай 5 лютага судна з'явілася ў порце Пецярбурга.
Узгаранне на борце тушылі некалькі гадзін — на дапамогу пацярпелым з пецярбургскага порта прыбылі аварыйна-выратавальнае судна «Спасатель Карев» і ледакол «Семен Дежнев». Кантэйнернае судна адбуксіравалі ў порт Санкт-Пецярбург. Пашкоджанняў у корпусе MSC Giada III і разліву паліва не зафіксавана. Капітан судна — грамадзянін РФ, астатнія члены каманды — грамадзяне М'янмы, ніхто не пацярпеў, піша MNS. Сілавікі высвятляюць прычыну выбуху.
Паводле дадзеных адсочвання суднаў, 21 студзеня кантэйнернае судна выйшла з порта горада Агадзір (Марока), пасля чаго накіравалася ў Бельгію. 31 студзеня яно ўзяло курс на Пецярбург. Уладальнік судна — ліберыйская Sky Limits Shipping & Trading, а яго аператар — Msc Mediterranean Shipping Co (зарэгістраваная ў Швейцарыі). Афіцыйных каментарыяў па інцыдэнце ад расійскіх уладаў пакуль не было.