BE RU EN

Служба знешняй разведкі Украіны: У Расіі разгарэўся банкаўскі крызіс

  • 6.02.2026, 8:22

Зафіксаваныя ключавыя прыкметы.

У 2025 годзе банкаўская сістэма Расіі страціла ключавыя прыкметы ўстойлівасці, нягледзячы на супакойлівую рыторыку рэгулятара. Такім чынам, банкаўскі крызіс ужо настаў.

Пра гэта паведамляе сайт Службы знешняй разведкі Украіны.

Паводле дадзеных разведчыкаў, у мінулым годзе чысты прыбытак банкаў скараціўся на 8% у параўнанні з 2024 годам і склаў 45 млрд долараў, у той час як рэнтабельнасць капіталу знізілася да 18%.

«Пагаршэнне фінансавых вынікаў адбылося на фоне рэзкага росту адлічэнняў у рэзервы і падаражання прыцягнення рэсурсаў, выкліканых жорсткай манетарнай палітыкай. Гэтыя паказчыкі сведчаць не пра цыклічнае запаволенне, а пра пачатак больш глыбокай дысфункцыі сектара», — гаворыцца ў паведамленні.

У той жа час пагаршаецца якасць крэдытнага партфеля. У прыватнасці, удзельная вага праблемных пазык дасягнула 11%, а па незабяспечаных крэдытах — 12%. Такі ўзровень дэфолтаў супярэчыць афіцыйным запэўненням аб стабільнасці і сведчыць пра сістэмны характар праблем, якія ўжо немагчыма патлумачыць асобнымі сегментамі або часовымі шокамі.

Больш за тое, пачатак сістэмнага банкаўскага крызісу фактычна прызналі нават аналітыкі набліжанага да Крамля Цэнтра макраэканамічнага аналізу і кароткатэрміновага прагназавання.

Яны прыйшлі да высноў, што цяперашняя мнімная стабільнасць трымаецца не на фундаментальным аздараўленні, а на дамінаванні дзяржаўных банкаў, масавых рэструктурызацыях праблемных актываў і рэгулятарных паслабленнях. Такая канструкцыя, у сваю чаргу, толькі адкладае крызіс, адначасова павялічваючы рызыкі імклівага і маштабнага адтоку дэпазітаў у выпадку абвастрэння сітуацыі.

Рэзюмуючы, у разведцы патлумачылі, што заяўленая ўстойлівасць банкаўскай сістэмы РФ мае штучны характар. У прыватнасці, Цэнтральны банк РФ фактычна перайшоў да рэжыму ручнога кіравання рызыкамі, дазваляючы маскіраваць таксічныя крэдыты праз фармальныя рэструктурызацыі.

«У гэтых умовах афіцыйныя даныя толькі маскіруюць рэальны маштаб страт. Банкаўскі сектар непазбежна запатрабуе дадатковай дзяржаўнай падтрымкі, што ўзмоцніць фіскальны і макраэканамічны ціск на эканоміку РФ і замацуе крызіс як доўгатэрміновы фактар», — патлумачылі ў СЗРУ.

Апошнія навіны