Самы прыдуркаваты загад Лукашэнкі
- 6.02.2026, 9:11
«Скажуць шапкамі вычарпаць Свіслач — будуць вычэрпваць».
Эканаміст і кіраўнік праекта «Кошт Урада» Уладзімір Кавалкін у каментары «Філіну» расказаў пра адключэнне вулічнага асвятлення.
— Мы падрыхтавалі петыцыю, якая хутка будзе апублікаваная, дзе падрабязна гаворым пра юрыдычныя нормы, якія былі парушаныя, і пра эканамічную неабгрунтаванасць, — адзначае Уладзімір Кавалкін, каментуючы «Філіну» адключэнне вулічнага асвятлення ў Беларусі ў гадзіны пік.
Тут ідзе гаворка пра парушэнне будаўнічых нормаў, якімі рэгулюецца асвятленне вуліц, канкрэтна графік уключэння/адключэння.
Акрамя таго, у Беларусі існуюць дзяржаўныя мінімальныя сацыяльныя стандарты, згодна з якімі ўдзельная вага асветленых вуліц павінна быць не менш за 85%.
То бок, калі ўзяць усе вуліцы пэўнага населенага пункта, то не менш як 85% з іх павінны быць асветленыя.
Гэта дзве асноўныя нормы, якія парушаныя, але ёсць і іншыя.
— Што вы можаце сказаць пра эканамічную складовую, што і было галоўным аргументам? Напрыклад, прапагандысты пішуць, што 4–5 гадзін зэканомленага асвятлення вернуць мільёны рублёў.
— Гэта поўная лухта. Па-першае, цяпер ёсць выдатныя энергаэфектыўныя лямпачкі. Калі проста ўкруціць ва ўсе ліхтары LED-лямпы, што ўжо практычна паўсюль адбылося, эканомія электраэнергіі складзе 70–80% пры вельмі вялікім тэрміне службы.
Насамрэч выдаткі на вулічнае асвятленне не такія вялікія. Вядома, яны непараўнальныя з выдаткамі, звязанымі з траўматызмам і ДТЗ.
Напрыклад, у 2015 годзе ў Брэсце праводзілі нешта кшталту эксперыменту, адключаючы вулічнае асвятленне з 0 гадзін ночы да 5 раніцы ў перыяд з канца лістапада да сярэдзіны снежня.
І, памятаю, ДАІ паведамляла пра рэзкі рост ДТЗ і траўматызму. Ужо тады можна было параўнаць, колькі грошай было зэканомлена і колькі спатрэбілася, каб лячыць людзей, аплачваць бальнічныя, рэабілітацыю і г.д.
Па-другое, эканамічна гэта ніяк не апраўдана яшчэ і на фоне атамнай электрастанцыі.
Усе краіны, дзе ёсць АЭС, уначы свецяцца, таму што ў цёмны час сутак істотна падае спажыванне электрычнай энергіі.
То бок удзень высокае спажыванне, калі прамысловасць працуе, а ўначы заўважна ніжэйшае. АЭС пры гэтым не можа рэзка павялічваць або змяншаць выпрацоўку электраэнергіі.
Атрымліваецца, што гэтая нібыта эканомія ўвогуле цяжка тлумачальная, таму што ў Беларусі ёсць энергія на электрастанцыі, якой няма куды дзяваць.
— Можа, Лукашэнка пра гэта не ведае?
— Дык як падаваць ціск у цепласетцы — ведае, як перабіраць бульбу — ведае, калі святло ўключаць — ведае, а гэтага не ведае?
Іншая справа, што, хутчэй за ўсё, ён не цікавіцца меркаваннем экспертаў, лічыць, што ведае лепш за ўсіх. Калі б ён звярнуўся да спецыялістаў, думаю, яны б яму патлумачылі, як працуе АЭС.
Але ён жа шчыра расказаў, як узнікла праблема: еду, гляджу, агні гараць — нейкая бясгаспадарчасць, трэба выключыць.
— Допусцім, чалавек па нейкіх прычынах так сказаў, можа, выпадкова вырвалася. Аднак ужо праз некалькі гадзін без аналізу, без ацэнкі сітуацыі, без якой-небудзь экспертызы або хоць бы апытання — усё прывялі да выканання. Але ж вы самі пералічвалі нормы закону.
— Так працуе дыктатура, калі не да законаў. Калі ўсе ўжо навучаныя, што, калі не выканаеш тое, што «выпадкова вырвалася», не выканаеш загад, — кінуць у СІЗА, будуць катаваць, адбяруць маёмасць, закроюць увогуле на гады.
Калі ведаеш пра такую перспектыву, будзеш выконваць самы прыдуркаваты загад. Скажуць шапкамі вычарпаць Свіслач — будуць вычэрпваць.
Але і чыноўнікаў зразумець можна — ніхто не хоча сядзець.
— З улікам таго, якая небывалая хваля абурэння паднялася, якім вы бачыце развіццё гэтай сітуацыі? Адменяць гэтае ўказанне?
— Сёння Лукашэнка з дапамогай свайго губопіка і «гестапіка-АМАПа» можа любыя рашэнні ўвасабляць у жыццё.
Аднак можа быць і інакш. Нам могуць зноў прадэманстраваць шоу з серыі «цар добры — баяры дрэнныя», гэта калі Лукашэнка даў правільны ўказ, а чыноўнікі выканалі яго няправільна.
Як ён сказаў пра ацяпленне? Трубы лопаюцца з-за таго, што чыноўнікі перагрэлі цепланосбіт, таму ацяпляць трэба менш. І тут яны з Эйсмант прыдумаюць тлумачэнне.
— Прапаганда, якой давялося абгрунтоўваць «мудрае рашэнне», піша пра іскрысты снег і яркія фары аўтамабіляў, якіх цалкам хапае.
— Не выключаю, што адным з аргументаў будзе нават рамантыка. «Год жанчыны», дарэчы. Думаю, убачым і нешта кшталту: ідзіце да каханых жанчын, няма чаго па вуліцах швэндацца.