Прапалі святло і ацяпленне: аналітыкі пацвердзілі блэкаўт у Белгарадзе
- 6.02.2026, 10:26
Пападанне зафіксавана ў паўночнай частцы Белгарадскай ЦЭЦ.
У ноч на 6 лютага жыхары Белгарада паведамлялі пра шматлікія выбухі, пасля якіх зніклі святло і ацяпленне. А губернатар заявіў, што пашкоджанні «сур'ёзныя», але больш ніякіх падрабязнасцяў не паведаміў, піша «Фокус».
Тады OSINT-аналітыкі выдання ASTRA прааналізавалі відэа з моманту атакі на Белгарад, апублікаванае мясцовым выданнем «Пепел Белгорд», і прыйшлі да высновы, што хоць Вячаслаў Гладкоў упарта пазбягаў слова «выбухі», але ў выніку «абстрэлу» мясцовая ЦЭЦ моцна пашкоджана.
«Згодна з нашым аналізам, кадры знятыя з вуліцы Вясёлай. Адлегласць ад пункта здымкі да месца выбуху — каля 350 метраў. Пападанне зафіксавана ў паўночнай частцы Белгарадскай ЦЭЦ, якая знаходзіцца па адрасе: вул. Северо-Донецкая, 2, Белгарад», — прыйшоў да высновы OSINT-аналітык ASTRA.
Пра пацярпелых не паведамлялася.
«У нас вялікі аб’ём пашкоджанняў энергетычнай інфраструктуры горада Белгарада, Белгарадскага, Ракіцянскага, Барысаўскага, Грайваронскага, Якаўлеўскага акругаў. Але аварыйныя брыгады, яшчэ раз хачу сказаць, усе знаходзяцца на сваіх месцах, усе займаюцца сваёй справай. Больш падрабязна сказаць не магу, таму што мы разумеем, што вораг уважліва аналізуе бягучую сітуацыю», — заявіў губернатар Белгародскай вобласці.
Пры гэтым Гладкоў заявіў, што пункты часовага размяшчэння і пункты часовага абагрэву «пакуль не разгортваем», нягледзячы на тое, што «не ўдалося ў поўным аб’ёме аднавіць падачу электраэнергіі ў Белгарадзе». Таксама ён наракаў, што абстраляны быў «цывільны Белгарад», дзе «не было і няма ваенных аб’ектаў».
Раней мясцовыя СМІ і сведкі паведамлялі, што пад абстрэл трапіла электрападстанцыя «Фрунзенская» ў вёсцы Драгунскае Белгарадскага раёна. А таксама электрападстанцыя «Белгарад» на вуліцы Старажавай у самім Белгарадзе.
Цікава, што афіцыйныя расійскія СМІ кшталту ТАСС пра абстрэл Белгарада і тамтэйшыя праблемы з электрычнасцю і ацяпленнем паведамілі надзвычай скупа, ухільна заявіўшы, што ёсць «пашкоджанні інфраструктуры і збоі ў падачы электразабеспячэння і цеплазабеспячэння». Больш пра Белгарад не паведамлялася.
Пры гэтым у МНС РФ адрапартавалі, што ў Белгарад накіравалі 30 «магутных генератараў» і на апублікаваным відэа відаць, што горад пагружаны ў цемру, а святлафоры не працуюць.