Зрух па фазе
- Аляксандр Класкоўскі
- 6.02.2026, 11:16
І навошта тады будавалі АЭС?
Увечары 4 лютага для беларусаў унутры краіны наступіў крамешны ад. У звыклы час асвятленне ў гарадах не ўключылі. Але блэкаўт здарыўся не таму, што ворагі разбамбілі энергетычную інфраструктуру, як гэта адбываецца ва Украіне. Мірная Беларусь пагрузілася ў змрок з-за «светлай» ідэі яе кіраўніка.
На нарадзе 3 лютага Аляксандр Лукашэнка абурыўся тым, што, паводле яго, электраэнергія транжырыцца на празмернае асвятленне раніцай і ўвечары.
«Выехаю ў Астрошыцкім Гарадку (пасёлак у Мінскім раёне, побач з якім знаходзіцца адна з рэзідэнцый Лукашэнкі. — Прым.), напрыклад, і ў іншых вёсках. Учора а шостай гадзіне вечара ўся Мінская вобласць свеціцца. Гараць агні. І гэта характэрна для ўсіх», — так апісаў кіраўнік свае назіранні з акна браніраванага мерседэса.
І перайшоў на фірменны грозны тон: «Самі і будзеце вінаваты. Будзеце плаціць як мінімум са сваёй кішэні. Усе на вуліцах ліхтары ўключаныя, усё ззяе. Мінская вобласць і туды далей — усё гарыць. А шостай вечара. Навошта? Ужо а палове васьмі можна раніцай адключаць святло на вуліцы, асабліва цяпер, калі святла шмат. Не — усе ліхтары гараць».
З яго слоў выплывала, што ён ужо занепакоіўся такім марнатраўствам напярэдадні, і яму далажылі, што, маўляў, некарэктна працуюць фотаэлементы. Падазраю, што напалоханыя чыноўнікі проста спісалі віну на бясслоўную тэхніку.
Гэта тлумачэнне, аднак, толькі раззлавала кіраўніка: «Лухта поўная. Адрэгулюйце гэтыя фотаэлементы, каб электраэнергія аўтаматычна з вашым штучным інтэлектам адключалася а сёмай гадзіне раніцы. І каб святло загаралася не а шостай вечара, а а восьмай. Палічыце — чатыры-пяць [лішніх] гадзін гарыць уся краіна, свеціцца. Колькі мы трацім грошай!»
З ШІ ў правадыра асаблівыя рахункі: гэта «варожае» вынаходніцтва ён пінае пры кожным зручным выпадку.
Вяртанне ў пячорны век
І вось учора ўвечары беларусы-гараджане (ў невялікіх вёсках прывыклі, што ў такую пару хоць вока выкалі) змаглі ў поўнай меры палюбавацца зорным небам, якое звычайна не разглядзець праз святло ліхтароў.
У Мінску, напрыклад, сонца ў гэты дзень зайшло ў 17:56. І ўключаць святло а 18-й гадзіне, што так абурыла Лукашэнку, — пры здаровым разважанні якраз самае тое.
Але чыноўнікі, вядома, не захацелі каяцца і плаціць са сваёй кішэні. У Мінэнерга 4 лютага абмеркавалі «карэкціроўку рэжымаў працы вулічнага асвятлення ў населеных пунктах».
Словам, даверыліся не ШІ, а інстынкту самазахавання. Таму асвятленне ў звыклы час не ўрубілася (уключылі толькі а 19-й).
А менавіта ў гэты прамежак сутак многія вяртаюцца з працы, дзеці — са школы. На вуліцах поўна транспарту. ДАІ заўсёды нагадвала, што змрок — самы аварыйны час. А як вадзіцелю ў крамешнай цемры разгледзець пешахода на нерэгуляванай «зебры»? А калі на тратуары, барані божа, адкрыты каналізацыйны люк? А калі трэба спускацца па слізкіх прыступках вулічнай лесвіцы? Ды і на любой абледзянелай калдобіне можна навернуцца.
Сацыяльныя сеткі выбухнулі абурэннем. Але не здзіўлюся, калі сілавікі пачнуць вылічваць аўтараў злосных каментароў і браць іх з выламваннем дзвярэй — як небяспечных экстрэмістаў.
І навошта тады будавалі АЭС?
Тым часам беларусы ў сацсетках падкрэсліваюць, што ў краіне з помпай была пабудавана АЭС. Лукашэнка нават парываўся ўзвесці другую, але ў выніку, здаецца, збавіў амбіцыі і задаволіўся планам збудаваць трэці блок на Астравецкай станцыі.
Сваім часам улады разлічвалі з выгодай прадаваць электраэнергію з гэтай станцыі суседнім краінам. Тым жа літоўцам, якія калісьці закрылі Ігналінскую АЭС.
Але з Літвой і іншымі краінамі ЕС рэжым Лукашэнкі ўшчэнт пасварыўся. З Вільняй — і зусім на нажах. Пра Украіну і казаць няма чаго. У Расіі сваёй электраэнергіі хапала.
Дык што Лукашэнка раз за разам падштурхоўваў чыноўнікаў: варушыце мазгамі, выдумляйце, на што можна пусціць лішкі электраэнергіі. Развівайце, маўляў, электратранспарт, будуеце дамы з электрычным ацяпленнем і г. д.
На нарадзе пра вынікі працы БелАЭС у лістападзе мінулага года кіраўнік з гонарам адзначаў, што адзін з вынікаў яе будаўніцтва — «наданне імпульсу росту энергаспажывання. У 2024 годзе дасягнуты яго гістарычны максімум — 43,3 млрд кВт·г. За апошнія пяць гадоў прырост склаў каля 6 млрд кВт·г.»
То-бок рост энергаспажывання падаваўся як дасягненне. І ўвогуле, з пускам БелАЭС «краіна ўступіла ў новую эру», патэтычна вяшчаў тады правадыр.
Цяпер жа, як бачым, ён вяртае краіну ў змрок пячорнага веку.
Бачачы краіну з акенца лімузіна
Што ж здарылася? У СМІ памнажаюцца розныя версіі. «Наша Ніва», напрыклад, дапускае, што на нейкім з аб’ектаў генерацыі адбылося аварыйнае адключэнне, пра якое публічна не паведамілі. Ці энергія транспартуецца ў сумежныя рэгіёны Расіі, дзе здараюцца блэкаўты з-за адказных удараў Украіны па энергетычнай інфраструктуры. А можа, Лукашэнка вырашыў задабрыць Кіеў і паціху падкідвае кілават-гадзіны ўкраінцам?
У прынцыпе, ніводную з гэтых версій выключаць нельга. Аднак больш верагодна, што прычыны банальнейшыя.
Па-першае, кіраўнік бачыць, што эканоміка Расіі, перакосаная вайной і абцяжараная санкцыямі, выдыхаецца. Тамтэйшы рынак звужаецца. Таму Масква ўжо не зможа падтрымліваць васала ў ранейшых аб’ёмах. А значыць, пара эканоміць на запалках. Хоць у нашым выпадку і гэты фразеалагізм не канае: у цемры і запалкамі даводзіцца чыркаць часцей.
Па-другое, у атачэнні хуткага на расправу Лукашэнкі не засталося людзей, якія маглі б запярэчыць аўтакрату. Бяспечней спісаць усё на фотаэлементы і ўзяць пад казырок.
Па-трэцяе, Лукашэнка, калісьці хваліўшыся сувяззю з народам, за тры з лішнім дзесяцігоддзі царавання адарваўся ад рэалій жыцця простых суграмадзян. У яго шматлікіх рэзідэнцыях, мусіць, на ілюмінацыі не эканомяць. А астатнюю Беларусь ён бачыць галоўным чынам з-за таніраваных шклаў лімузіна.
І гэтыя лімузінныя назіранні раз за разам становяцца штуршком да валюнтарысцкіх рашэнняў. Памятаеце, як у 2019-м кіраўнік апалчыўся на білборды па-беларуску: «Еду па дарозе — траса, як яе называюць, прэзідэнцкая. Выстаўлены табло «Выконвай хуткасны рэжым». Ну зразумела, мне як беларусу зразумела, што хацеў сказаць аўтар. А едзе рускі чалавек…»
Ды ўжо, у Беларусі пісаць па-беларуску — страшны грэх перад «старэйшымі братамі». Білборды пахерылі.
Кіраўнік пагружае Беларусь у змрок ва ўсіх сэнсах
Нарэшце, па-чацвёртае — і гэта галоўная выснова — абсалютная ўлада разврачае абсалютна. Што хачу, тое і варочу.
Успомнім, як Лукашэнка перакройваў школьныя праграмы і падручнікі, абураючыся тым, што задаюць яго сыну Колю.
«Нядаўна я паглядзеў, як у восьмым класе вывучаюць біялогію: слухайце, паўкурса — чарвякі! Будова, жыццядзейнасць і што трэба зрабіць чарвяку, каб ён быў паразітам. Ну адкажыце мне на гэта пытанне. Ладна, для прасунутых хай будзе. Так, трэба ведаць пра гэтае стварэнне, але навошта яго дашчэнту вывучаць?» — дакараў кіраўнік дзеячаў адукацыі ў 2019-м.
Двума гадамі раней ён прымусіў пачынаць заняткі ў школе на гадзіну пазней — а дзявятай раніцы, простадушна прызнаўшыся, што яго сын часам дрымле на першым уроку.
Гэты зрух па фазе нарадзіў мноства праблем для бацькоў, у якіх працоўны дзень з васьмі: як паспець завесці дзіця ў школу і пры гэтым самім не спазніцца?
Але кіраўнік гэтых праблем не разумее, ён жыве ў іншай галактыцы, дзе сам вырашае, калі сядзець у кабінеце, а калі ў хакей гуляць.
А памятаеце, як у кастрычніку мінулага года яму далажылі пра чэргі на запраўках, і той вырашыў, што корань зла — аматары папіць там кавы? «Даручце [міністру ўнутраных спраў Івану Кубракову], каб ён там да панядзелка навёў жалезны парадак», — распарадзіўся Лукашэнка. Міліцыя адразу была мабілізаваная на жорсткую барацьбу з кофеманамі, а аператарам АЗС загадалі «не вымаўляць лішніх фраз», каб не тармазіць працэс.
І зусім свежы прыклад: у разгар маразоў Лукашэнка распарадзіўся панізіць тэмпературу ацяплення ў кватэрах. Сам, маўляў, ён холаду не баіцца. Дык няхай і іншыя загартоўваюцца.
Прывабная была пры гэтым і такая матывацыя: панізіць тэмпературу цепланосбіта трэба для таго, каб трубы не прарывала. Дык, можа, лепш іх своечасова замяняць?
Атака на вулічныя ліхтары — той выпадак, калі ўся краіна на сваёй скуры адразу адчула абсурд і шкоду валюнтарысцкага загаду. Але ж Лукашэнка з разумным выглядам правіць і складанымі сферамі, павучае акадэмікаў, міністраў, банкіраў — усіх запар. І аддае распараджэнні, шкода ад якіх не адразу кідаецца ў вочы, але можа вымярацца мільярдамі.
Уся краіна — у закладніках чалавека з не надта добрай адукацыяй, цягаю да прымітыўных рашэнняў і замшэлымі поглядамі. Ён пагружае Беларусь у цемру ва ўсіх сэнсах.
Аляксандр Класкоўскі, «Позірк»