У порце Санкт-Пецярбурга выявілі метэарыт, які транзітам з Беларусі везлі ў Вялікабрытанію
- 6.02.2026, 12:57
Кавалкі метэарыта прадаюцца на розных расійскіх сайтах.
Аскепак метэарыта «Алетай» вагой 2,5 тоны мясцовыя мытнікі выявілі пры сканаванні марскога кантэйнера ў порце Санкт-Пецярбурга.
Праз мяжу метэарыт, экспертны кошт якога складае 323 млн расійскіх рублёў, хацелі правезці, задэклараваўшы яго як «скульптуру для ландшафтнага дызайну».
Як паведамляе «Коммерсантъ», груз прывезлі з Беларусі фурай, а да перамяшчэння метэарыта датычны Аляксей Варонецкі.
«Алетай» — аскепак ядра старажытнай пратопланеты, узрост якога каля 4,5 млрд гадоў. Яго выявілі ў 1898 годзе ў Кітаі, на поўначы Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна. За першыя гады было знойдзена больш за 50 тон аскепкаў. У 2021 годзе навукоўцы знайшлі новыя фрагменты метэарыта «Алетай» вагой 23 тоны.
Кавалкі метэарыта прадаюцца на розных расійскіх сайтах. Кошт залежыць ад вагі і формы: напрыклад, 149 тыс. расійскіх рублёў за фрагмент 490 грамаў або 305 тыс. расійскіх рублёў за пласціну 203 грамы.