«Крэатыў» ад Вовы Салаўёва
- Тэлеграм-канал «СерпомПо»
- 6.02.2026, 14:15
У раі «старлінкі» не ловяць.
А вось яшчэ пара рэцэптаў, як пераканаць галоўную краіну НАТА зноў уключыць «старлінкі» Расіі, якая «ваюе з НАТА» ва Украіне.
Ад крэатыўніка Вовы Салаўёва.
Хай наш Трамп патэлефануе Маску і як след на яго накрычыць!
А калі адмовіцца, падарваць у касмасе ядзерную бомбу і знішчыць усе яго спадарожнікі:
«Зразумела, што мы таксама страцім усе нашыя спадарожнікі, але мы моцна адстаём, і для нас гэта не вялікая страта, нічога страшнага — перайдзём на паштовых голубаў».
А што, нармальны выхад! Рагозін і Чэмязаў падтрымаюць! Асабліва, калі распрацаваны кітайскімі вучонымі «забойца Starlink» TPG1000Cs апынецца фэйкам.
Сіманьян ужо прапаноўвала для паражэння «шпіёнскай» спадарожнікавай групоўкі ЗША ўчыніць тэрмаядзерны выбух над Сібір'ю.
Новы міністр абароны Украіны Фёдараў, якога згадаў прапагандыст, і праўда заявіў, што для стрымлівання Узброеных Сіл РФ неабходна давесці колькасць страт у расіян да 50 тыс. у месяц (з 30 тыс., паводле даных Кіева).
Цяпер іх львіная доля з абодвух бакоў — ад дронаў. Таму новае ваеннае кіраўніцтва і дамовілася з Маскам пра блакіроўку ва Украіне ўсіх тэрміналаў Starlink, што не прайшлі спецыяльную аўтарызацыю.
У выніку ў расіян «упала сувязь» і «беспілотка».
Starlink дазваляў:
«Шахедам» і FPV-дронам лётаць на сотні км, захоўваючы ручное кіраванне ў рэальным часе праз спадарожнік. Цяпер жа радыус дзеяння абмежаваны магутнасцю звычайных радыёперадатчыкаў.
Дакладней наводзіць дроны на рухомыя мэты (цягнікі, тэхніку) глыбока ў тыле.
Яго сігнал складана падавіць звычайнымі сродкамі РЭБ. Цяпер дроны ўразлівыя для стандартных сістэм перашкод.
Дроны са Starlink складаней засекчы сродкамі радыётэхнічнай разведкі — яны не выпраменьваюць сігнал на тыповых для БПЛА частотах, а накіроўваюць яго ўверх на спадарожнік.
Аўтаматычнае адключэнне Starlink (пры хуткасці >75–90 км/г) робіць праблемным яго выкарыстанне на хуткіх ударных БПЛА.
Гэта ўдар па ўсёй сістэме кіравання войскамі. У т.л. для хуткай перадачы на перадавой інфармацыі паміж суседнімі падраздзяленнямі або ад разведкі да штаба. Каардынацыя распадаецца. З-за страты сувязі ў Узброеных Сілах РФ ужо знізілася колькасць і эфектыўнасць штурмаў — камандзіры не бачаць сітуацыю ў рэальным часе праз стрымы.
Без хуткаснага інтэрнэту перадача каардынат мэт ад карэкціроўшчыка да гарматы займае хвіліны, а не секунды — праціўнік паспявае змяніць пазіцыю.
Лагістычныя ланцужкі (заяўкі на снарады, эвакуацыя параненых) завязаныя на лічбавую сувязь, а пераход на ўразлівыя радыёстанцыі запавольвае працэсы забеспячэння.
Вяртанне да звычайных радыёстанцый і сотавай сувязі вядзе да таго, што сігналы лёгка пеленгуюцца і перахопліваюцца сродкамі РЭР — праціўнік вылічвае месцазнаходжанне штабоў і канцэнтрацый сіл. Звычайныя радыёканалы адчувальныя да «глушылак», што паралізуе кіраванне на асобных участках.
Для салдат Starlink часта адзіны спосаб сувязі з домам. Зразумела, як адаб'ецца на маральным духу рэзкае адключэнне інтэрнэту.
Вынік. Фёдараў не проста (як прапагандысты) абвясціў, што павялічыць страты праціўніка. Ён паказаў, як і чым яго войскі збіраюцца гэтага дамагацца.
У перакладзе на дыпламатычную мову: Пуцін, перастань выстаўляць нам тэрытарыяльныя ўльтыматумы. Давай спыняць агонь па цяперашняй лініі баявога сутыкнення.
У супрацьным выпадку штурм умацаванага раёна Краматорск—Славянск, атакі на Запарожжа і шматкроць «узятыя расіянамі» Купянск і Купянск-Узлавы абыдуцца РФ вельмі дорага.
Але, мяркуючы па перамовах у Абу-Дабі, «вялікі геапалітык» «за цаной не пастаіць». Больш за тое, ён арганізаваў віртуальную сустрэчу з таварышам Сі, дзе пачаў расцілацца перад «дарагім сябрам». Падаючы сігнал (амерыканцам), што дзеля працягнення «аперацыі Z» гатовы яшчэ мацней узмацніць залежнасць РФ ад Кітая, выступаючы як яго праксі супраць ЗША.
Начхаць і на істэрыкі ваенкараў з-за падзення Starlink. І на патокі ролікаў — хоць ад вайскоўцаў і іх родных са скаргамі на «мясныя штурмы», хоць ад тых, хто мерзне: жыхароў шматпавярховікаў, бежанцаў з Курскай вобласці, пазбаўленых дапамогі, бізнесменаў, што разараюцца з-за павышэння падаткаў.
Адзінае рашэнне — узарваць бомбу, ламаючы ўсё — і чужое, і сваё.
«Ўвесь свет у труху». І «ў рай»
Тэлеграм-канал «СерпомПо»