Полк Каліноўскага выпусціў фільм з сапраўднымі кадрамі падрыхтоўкі да штурму
- 6.02.2026, 14:17
Першая серыя фільма-дзённіка «Тыдзень на фронце» ўжо даступная ў сеціве.
Полк Каліноўскага зняў шматсерыйны фільм-дзённік «Тыдзень на фронце». Першую частку праекта пра жыццё і баі без ратацый ужо можна ўбачыць у сеціве.
У відэа ёсць кадры з падвала, дзе воіны ўладкавалі сабе часовы дом — агляд таго падвала яны іранічна называюць рум-турам. Паказалі месцы для сну і так званы «цэнтр жыцця» — тэрмінал Starlink.
Воіны не хаваюць ад камеры эмоцый. Добраахвотнік Кос, які вядзе аповед у фільме, тлумачыць гэта:
«Графік дзяжурстваў на пазіцыі змяняецца ў залежнасці ад актыўнасці на напрамку. Гэтаю ноччу нас некалькі разоў падымалі для стральбы з гранатамёта.
Сон пастаянна перарываецца, нармальна выспацца складана. Таму настрой у воінаў вагаецца».
У фільме паказваюць не толькі моманты баёў, але і хвіліны зацішша, калі ў воінаў ёсць магчымасць спакойна пагаварыць. Абмяркоўваюць яны рознае — ад веганства, якога трымаецца адзін з воінаў, да жартаўлівай сувязі гурта «NaviBand» і партыі АГП.
У другой серыі прадстаўнікі палка абяцаюць распавесці пра штурм, які пачаўся ў наступныя дні пасля падзей першай серыі.