Каміку Нурлану Сабураву забаранілі ўезд у Расію на 50 гадоў
- 6.02.2026, 16:39
Артыст з Казахстана не выказаўся пра напад Расіі на Украіну.
Каміку з Казахстана Нурлану Сабураву забаранілі ўезд у Расію на 50 гадоў, паведамілі тэлеграм-каналы Baza, SHOT і Mash, а таксама РІА Навіны са спасылкай на крыніцу сярод расійскіх сілавікоў.
Забарона на ўезд Сабураву — грамадзяніну Казахстана — «уведзеная ў інтарэсах нацбяспекі краіны, выканання заканадаўства і абароны традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцяў», — заявіў суразмоўца РІА Навіны. Паводле яго слоў, забарона дзейнічае з 30 студзеня.
Паводле даных тэлеграм-каналаў, Сабураў у ноч на 6 лютага прыляцеў у маскоўскі аэрапорт Внукава з ААЭ для здымак у рэкламе. «Падчас праходжання пашпартнага кантролю Сабурава адвялі ў асобнае памяшканне, дзе выдалі дакумент аб забароне на ўезд у Расію», — піша SHOT.
Нурлан Сабураў — адзін з самых папулярных у Расіі стэндап-камікаў, вядучы ютуб-шоў «Што было далей?». Вясной 2022 года ў ЗША і Ізраілі адмянялі канцэрты Сабурава з-за таго, што ён публічна не выказаўся пра напад Расіі на Украіну.