BE RU EN

Камандзір «Азова» распавёў пра здраду расійскага генерала ГРУ, па якім стралялі ў Маскве

  • 6.02.2026, 17:34

Аляксееў узначальваў перамовы пры ўзяцці ў палон абаронцаў «Азоўсталі».

Камандзір 1‑га корпуса «Азова» Нацыянальнай гвардыі Украіны Дзяніс Пракапенка («Рэдзіс») напісаў у «Фэйсбуку» пра тое, як намеснік начальніка ГРУ Мінабароны Расіі Уладзімір Аляксееў, на якога сёння у Маскве быў здзейснены замах, быў звязаны з асабістымі лёсамі яго самога і пабрацімаў.

Як сцвярджае Пракапенка, у маі 2022 года першы намеснік начальніка ГРУ Уладзімір Аляксееў быў старэйшым з прадстаўнікоў Расіі на перамовах падчас выхаду марыупальскага гарнізона з «Азоўсталі».

Генерал абяцаў азоўцам выкананне расіянамі Жэнеўскай канвенцыі аб абыходжанні з ваеннапалоннымі і гарантаваў нармальныя ўмовы ўтрымання для ўкраінскіх палонных. І менавіта яго подпіс стаяў пад адпаведным дакументам, падпісаным тады ў Марыупалі.

«Слова афіцэра, ураджэнца Вінніцкай вобласці, здрадніка сваёй Радзімы, аказалася нічога не варта. Рэгулярныя катаванні палонных азоўцаў, адсутнасць медыцынскай дапамогі і голад — таму пацвярджанне. Нават калі на гэты раз Аляксееў выжыве, спакойна ён ужо не будзе спаць. І калі-небудзь справу будзе даведзена да канца», — напісаў Дзяніс Пракапенка.

Апошнія навіны