У Беларусі ўзмоцняць правілы абароту электронных цыгарэт
- 6.02.2026, 21:14
Рашэнне пра гэта прынялі сёння.
У Беларусі ўзмоцняць правілы абароту электронных цыгарэт. Такое рашэнне прынята сёння падчас нарады Лукашэнкі з кіраўніцтвам Савета Міністраў.
Як паведаміў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Артур Карповіч, на этапе падрыхтоўкі дакумента разглядаліся два сцэнары. Першы — поўная забарона электронных цыгарэт. Другі — ўзмацненне рэгулявання і кантроль абароту.
У выніку спыніліся на другім варыянце.
Плануецца ўзмацніць ліцэнзійныя патрабаванні ў рознічным гандлі — у тым ліку з-за вялікай колькасці выпадкаў продажу тавараў неналежнай якасці і недастаткова жорсткай адказнасці, якая дзейнічае цяпер. Пры гэтым асноўны акцэнт зробяць не на крамах, а на этапе ўвозу і аптовага гандлю.
«То-бок мы на стадыі ўвозу выраба ў краіну ўключаем жорсткі фільтр. Мы забараняем шырокаму колу займацца аптовым гандлем гэтымі вырабамі. Пры гэтым па-максімуму захоўваем рабочыя месцы і ўзмацняем ліцэнзійныя патрабаванні», — падзяліўся падрабязнасцямі з БелТА кіраўнік МАРГ.
Пад дзеянне будучага закона трапяць не толькі вадкасці, што ўтрымліваюць нікацін, але і самі электронныя сістэмы курэння. Якія менавіта патрабаванні ўзмоцняць для рознічнага гандлю, пакуль абмяркоўваецца. Распрацоўшчыкам праекта закона выступае канцэрн «Белдзяржхарчпрам». У першай палове 2026 года дакумент павінен паступіць у «парламент».