Дзіўнае паведамленне заўважылі ў банкаматах «Беларусбанка»
- 6.02.2026, 21:59
Яно з’яўляецца пры папаўненні карткі.
Перад папаўненнем карткі наяўнымі банкаматы «Беларусбанка» цяпер прапануюць кліенту правесці «тэставую» аперацыю па залічэнні наяўных грошай. Пра новую функцыю, якая з’явілася ў некаторых банкаматах пасля чарговага абнаўлення сістэмы, паведамілі ў Threads. На публікацыю звярнуў увагу Telegraf.news.
«Першы раз такое бачу», — напісала карыстальніца сацсеткі і падзялілася фота інфармацыйнага паведамлення, якое з’явілася на экране банкамата, калі яна спрабавала папоўніць свой рахунак наяўнымі.
Проста «скарміць» прыладзе купюры дзяўчыне не ўдалося. Спачатку банкамат запатрабаваў правесці «тэставую аперацыю» — папоўніць картку на 10 капеек і тут жа іх спісаць. Такім чынам прылада прапанавала праверыць саму «магчымасць папаўнення» карткі кліента.
У банку пра навацыю пакуль нічога не паведамлялі, але ў каментарыях беларусы распавялі, што ўжо сутыкаліся з такой практыкай.
«У мяне ўчора было тое самае: яны закінулі 10 капеек і адразу ж спісалі», — распавяла адна з удзельніц дыскусіі.
«Нядаўна папаўняла трэці раз. Гэта, відаць, звязана з залічэннем купюр — прыняць прыняў, але бывае, што можа і не залічыць на картку», — падзялілася сваім досведам іншая.
«Без панікі, панове. Гэта банк так правярае вас, што вы — гэта вы. Банк налічыць гэтыя 10 капеек і адразу ж спіша іх, вы нават іх не заўважыце», — напісаў яшчэ адзін.
Сама аўтарка допісу пасля званка ў банк пацвердзіла іх словы: «Карацей, «Беларусбанк» сказаў, што гэта сістэма абнавілася і цяпер будзе так, усё ок».