У Іркуцкай вобласці ўвялі рэжым надзвычайнай сітуацыі
- 6.02.2026, 22:21
З-за адсутнасці вады і цяпла.
У Іркуцкай вобласці ўведзены рэжым надзвычайнай сітуацыі рэгіянальнага ўзроўню з-за маштабнай камунальнай аварыі ў горадзе Бадайбо, у выніку якой мясцовыя жыхары засталіся без ацяплення і водазабеспячэння ў моцныя маразы. Пра гэта паведаміў губернатар рэгіёна Ігар Кобзеў у сваім тэлеграм-канале, піша The Moscow Times.
Камунальны крызіс у Бадайбо трывае ўжо дзявятыя суткі. Горад з насельніцтвам больш як 8,5 тыс. чалавек сутыкнуўся са спыненнем катлоўняў пасля прамярзання вадаправода 30 студзеня, пры гэтым скаргі на адсутнасць вады і цяпла пачалі паступаць за некалькі дзён да аварыі. Паводле даных рэгіянальнага ўпраўлення Следчага камітэта, на 5 лютага без ацяплення і вады, а таксама з перабоямі ў электразабеспячэнні пры маразах да мінус 30–40 градусаў заставаліся жыхары больш як 140 прыватных і шматкватэрных дамоў — каля 1,4 тыс. чалавек.
Мэр Бадайбо Яўген Юмашэў раней адзначыў, што ні адзін жыхар горада не адгукнуўся на заклік прадаставіць жыллё для часовага размяшчэння найбольш уразлівых катэгорый пацярпелых — сем'яў з дзецьмі-інвалідамі і пенсіянераў.
Сітуацыя ў Бадайбо адбываецца на фоне сістэмных праблем з зношанай камунальнай інфраструктурай па ўсёй Расіі. Як раней паведамляла «Новая газета Еўропа», толькі ў студзені па краіне было зафіксавана 1788 паведамленняў аб адключэннях электрычнасці, вады і цяпла, што ўдвая больш, чым годам раней. Паводле даных Мінбуда, знос сетак у рэгіёнах дасягае 40–80%.