«Нібы лось скочыў на машыну»
- 6.02.2026, 22:32
Пасажырка маршруткі — пра ДТЗ пад Вілейкай.
Увечары 5 лютага ў Вілейскім раёне маршрутка з Мінска ўрэзалася у дрэва, што ўпала на дарогу, і з’ехала ў кювет. Адна з пасажырак транспартнага сродку распавяла дзяржаўнай газеце «Мінская праўда» пра тое, што адбывалася ў салоне.
Паводле слоў жанчыны, кіроўца перад пачаткам руху нагадаў пасажырам пра неабходнасць прышпіліцца і нават настаяў на гэтым. Яна лічыць, што менавіта рамяні бяспекі дапамаглі ёй пазбегнуць траўмаў.
— Я глядзела фільм у тэлефоне, і раптам — удар, нібы лось скочыў на машыну. Пры сутыкненні ў мяне тэлефон выпаў з рук, але я засталася на сваім месцы і не атрымала траўмаў. Калі б кіроўца не папрасіў прышпіліцца, думаю, ніхто з нас (пасажыраў. — Заўв. рэд.) пра гэта і не падумаў бы, — мяркуе жанчына.
У шокавым стане пасажыры пачалі выбірацца з пашкоджанага аўтамабіля. Баковыя дзверы з-за ўдару не адчыняліся, ім давялося скарыстацца заднімі. Вадзіцелі, якія праязджалі міма, спыніліся, каб дапамагчы.
— Не паспелі мы выбрацца вонкі, як імгненна прыехала машына хуткай дапамогі, — узгадвае яна.
Кіроўца і пасажырка, якая знаходзілася на пярэднім сядзенні, былі без прытомнасці. Пазней кіроўца апрытомнеў, яго агледзелі медыкі. Жанчыну на насілках даставілі ў машыну хуткай. Пацярпелая пасля аперацыі знаходзіцца ў рэанімацыі ў стабільна цяжкім стане. Медыкі аказваюць ёй усю неабходную дапамогу.