У Балтыйскім моры фіксуюць небачаную раней анамалію
- 6.02.2026, 23:28
За 150 гадоў, што вядуцца навуковыя назіранні, падобных адхіленняў не было.
Узровень вады ў Балтыйскім моры ўпаў да мінімуму за ўсю гісторыю назіранняў, якія вядуцца з 1886 года. Пра гэта піша DW са спасылкай на Інстытут даследаванняў Балтыйскага мора імя Лейбніца (Германія).
Навукоўцы канстатавалі, што ўзровень вады ў Балтыцы апусціўся на 67,4 см ніжэй за шматгадовы сярэдні паказчык. Такіх значэнняў не фіксавалася за ўсю гісторыю навуковых назіранняў, гэта значыць за апошнія 150 гадоў. Падлічана, што мора страціла каля 275 куб. км вады, або больш за 1% свайго агульнага аб’ёму.
На думку спецыялістаў, феномен тлумачыцца моцнымі ўсходнімі вятрамі, якія ўжо некалькі тыдняў гоняць ваду ў Атлантычны акіян праз заходнія пралівы.
Гэты працэс навукоўцы лічаць у цэлым карысным для Балтыйскага мора. Паводле іх слоў, вецер выдзьмуў у Атлантыку характэрную для Балтыкі цёплую слабасалёную ваду. І калі вятры ўлягуцца, у зваротным напрамку хлыне больш халодная і салёная вада з высокім утрыманнем кіслароду. Для біяхімічнага стану Балтыйскага мора гэта будзе карысна, бо ў вадзе стане менш мікрабоў, а ўмовы жыцця для рыб палепшацца.