Яе сям'я — з мясцовай арыстакратыі, прэзідэнт Інданезіі быў правай рукой дзеда
- 7.02.2026, 15:22
Беларус на Балі гадуе сына ад інданезійкі і «жыве ў кайф».
Андрэй родам з Вілейкі, але больш за 5 гадоў ён жыве на Балі. Журналістам devby.io праграміст расказаў, як (не)шмат грошай ён траціць там, а яшчэ падзяліўся, якое гэта — гадаваць сына ад інданезійкі.
«Думаў, што праграмаванне — не маё. Але праца на заводзе прымусіла гэта перагледзець»
– Сам я з Вілейкі, у IT ужо 11 гадоў.
У мяне дыплом інжынера-механіка. Пасля БНТУ трапіў па размеркаванні на машынабудаўнічы завод — адно з самых моцных прамысловых прадпрыемстваў Беларусі. Там паглядзеў, што галоўны інжынер, які працуе 10 гадоў, атрымлівае 1500$. Ды і ўвогуле настрой не вельмі вясёлы, у людзей ніякага энтузіязму ў гэтай сістэме. А зарплата маладога спецыяліста — 300$, нават проста зняць кватэру не заўсёды атрымаецца.
Універсітэце ў нас было праграмаванне, але я ніколі сур'ёзна ім не займаўся. Памятаю, яксьці купіў вялікую кнігу па C#, пачаў чытаць, зразумеў, што ў 30% выпадкаў увогуле нічога не разумею, і вырашыў, што праграмаванне — не маё.
Але ўся гэтая сітуацыя на заводзе прымусіла перагледзець гэтае пытанне. Паспрабаваў яшчэ раз — пачаў з відэакурсаў.
Я знайшоў першую працу і вырашыў сысці з завода да заканчэння размеркавання. У першыя пяць гадоў часта змяняў працу, хутка вучыўся, і мае даходы раслі. Потым пажыў 7–8 месяцаў у В'етнаме, працуючы дыстанцыйна, — вярнуўся адтуль ужо нармальным праграмістам і выплаціў доўг за размеркаванне з адной зарплаты (палову да таго часу з'ела інфляцыя).
«Нават чалавек, жанаты з інданезійкай, абмежаваны ў выбары працы»
– У пачатку 2020 года я жыў і працаваў у Берліне. Падчас адной з паездак у Беларусь сустрэў сябра-праграміста з майго роднага горада Вілейкі, расказаў яму, што сумую па Азіі і цёплым клімаце. І ён прапанаваў пераехаць на Балі. Сваю працу туды я прывёз з сабой — і працаваў на ёй яшчэ пару гадоў.
У выніку Балі стаў месцам, дзе я жыву ўжо каля пяці гадоў.
Цяпер у Інданезіі ёсць візы для лічбавых качэўнікаў, але ў дакавідны перыяд іх не было. У мяне была віза па прыбыцці (турысцкая віза — выдаецца на 30 дзён, можна падоўжыць адзін раз яшчэ на 30 дзён). Потым падчас пандэміі былі сацыяльныя візы (выдаюцца на 60 дзён з магчымасцю платнага падаўжэння яшчэ на 120 дзён). Для візарану даводзілася некалькі разоў вылятаць у Тайланд і Малайзію.
А потым я ажаніўся з інданезійскай дзяўчынай, і цяпер у мяне spouse visa — віза мужа/жонкі.
Увогуле, з легалізацыяй тут усё складана. Урад зрабіў нейкія крокі, у 2026 годзе таксама абяцаюць паляпшэнні. Але пакуль нават чалавек у шлюбе з інданезійкай або інданезійцам не можа свабодна выбіраць працу. Пасля двух гадоў у шлюбе выбар прафесій большы, але прынцыповых пераваг усё роўна няма. Яшчэ праз пяць гадоў можна падавацца на грамадзянства.
Зараз хочуць увесці новыя правілы, калі замежніку з дзіцём ад мясцовага сужэнца могуць даць грамадзянства хутчэй. Але тады табе абавязкова трэба будзе адмовіцца ад другога грамадзянства, што для мяне выглядае не вельмі саліднай прапановай.
«Замежнікаў успрымаюць як спецыялістаў з больш высокім узроўнем экспертызы»
– Да нядаўняга часу ў мяне было два асноўныя праекты. Асноўны — еўрапейская кампанія з фізічнай прысутнасцю на Балі: яна арандуе офісныя прасторы ў каўоркінгу. Там працуюць як мясцовыя спецыялісты, так і замежнікі.
Кампанія займаецца распрацоўкай рашэнняў штучнага інтэлекту, у тым ліку трэйдынгавых: стварае ШІ-агентаў для фінансавых рынкаў. З заснавальнікам мы пазнаёміліся на адным з прафесійных мерапрыемстваў, ён зрабіў прапанову, і ўмовы падааліся мне цікавымі. Увесь працэс працаўладкавання абмежаваўся гэтымі зносінамі і падпісаннем кантракта.
Другі праект — аддаленая праца з амерыканскім прадпрымальнікам у сферы нерухомасці. Я займаюся аўтаматызацыяй бізнес-працэсаў, CRM-сістэмай і ўнутранымі інструментамі для кіравання арэндай апартаментаў і камандай мэнэджараў.
З-за высокага ўзроўню адказнасці на гэтых працах мне часта даводзіцца працаваць больш за стандартныя восем гадзін у дзень. Затое графік гнуткі: пры неабходнасці магу ўзяць паўзу і аднавіцца.
На асноўнай працы часта працаваў па начах — проста ноччу ў мяне найлепшая прадукцыйнасць. Работадавец гэта прыняў, і часам я сыходзіў з працы дзесьці а 5-й раніцы.
Узровень заробкаў у Інданезіі для мясцовых IT-спецыялістаў у цэлым невысокі, а ўзровень падрыхтоўкі часта саступае міжнародным стандартам. Таму ў буйных кампаніях і на міжнародных праектах у замежнікаў, як правіла, больш кар'ерных перспектыў. У такіх выпадках замежнікаў успрымаюць як спецыялістаў з больш высокім узроўнем экспертызы.
«Нават з улікам выдаткаў на дзіця можна камфортна жыць прыкладна на 1500$»
– Мой даход па асноўным праекце складаў каля 5000$ у месяц на рукі, частковая занятасць на другім праекце — 1500–2000$. З асноўнай працы я сышоў месяц таму. Цяпер у планах заняцца чымсьці сваім. Хачу адпачыць ад праграмавання і завесці канал, паспрабаваць сябе ў ролі кантэнт-крэатара.
Цэны ў Інданезіі ў цэлым нізкія, але моцна залежаць ад рэгіёна. Я жыву на Балі, і тут жыллё прыкметна даражэйшае, чым у іншых частках краіны. Прасторную і абсталяваную студыю я здымаю прыкладна за 350$ у месяц.
У Інданезію я пераехаў адзін, ужо тут у мяне з'явілася дзіця, цяпер яму 3,5 года. З яго маці пазнаёміўся на Балі, сама яна лойер з Джакарты. Яе сям'я з мясцовай арыстакратыі, прэзідэнт Інданезіі ў мінулым быў правай рукой яе дзеда.
Зараз мы з маці дзіцяці жывём асобна, у пяці хвілінах адзін ад аднаго, працягваем сумесна выхоўваць сына. Два-тры дні на тыдзень ён праводзіць у мяне, рэгулярна дапамагаю фінансава і ўдзельнічаю ў ключавых выдатках.
У сярэднім мой штомесячны бюджэт пры камфортным ладзе жыцця — каля 2000–2500$. Пры гэтым асноўныя артыкулы выдаткаў выглядаюць так:
Жыллё — 350$ у месяц.
Выдаткі на дзіця — 400$ (дзіцячы садок, нянька, паўсядзённыя выдаткі).
Харчаванне — 200$, калі гатаваць дома, і да 350$, калі рэгулярна харчавацца ў кафэ і рэстаранах.
Забавы, пакупкі і асабістыя выдаткі — да 500$ у месяц.
Пры больш эканамным ладзе жыцця, нават з улікам выдаткаў на дзіця, можна камфортна жыць прыкладна на 1500$ у месяц. Інданезія зручная тым, што тут можна лёгка пераключацца паміж рознымі стылямі жыцця — ад больш раскошнага да простага і эканамнага — без сур'ёзнай страты якасці жыцця.
Мае фінансавыя звычкі змяняліся хутчэй з-за змены жыццёвых этапаў, чым з-за змены краіны. У першыя гады пасля пераезду я амаль не абмяжоўваў сябе ў выдатках. З цягам часу прыярытэты змяніліся, з'явілася дадатковая адказнасць, і зараз я жыву больш свядома, надаючы больш увагі назапашванням.
Я не магу назваць дакладныя лічбы па падатках, бо наўпрост з інданезійскай падатковай сістэмай практычна не ўзаемадзейнічаю. Мой асноўны даход аформлены праз еўрапейскую кампанію, і падаткаабкладанне, верагодна, адбываецца ў краіне рэгістрацыі працадаўцы. Наколькі я ведаю, у такіх выпадках падвойнага падаткаабкладання няма, але канкрэтныя дэталі залежаць ад рэзідэнцкага статусу і краіны, з якой паступаюць даходы.
Да сыходу з асноўнай працы мне ўдавалася адкладаць каля 3000$ у месяц, цяпер я жыву ў нуль і пакуль не адкладаю. Для зберажэнняў выкарыстоўваю дыверсіфікаваны падыход:
частку зберажэнняў трымаю ў доларах;
частку — у інданезійскіх рупіях;
асноўную долю (60–70%) — у крыптавалютах. У асноўным гэта Bitcoin, Ethereum і Solana.
Пэўны час частка маіх даходаў прыходзіла ў крыптавалюце. Значная частка маіх актываў — у біткойне.
З маім узроўнем даходу набыццё жылля ў Інданезіі магчымае, хаця рынак за апошнія гады прыкметна падаражэў, асабліва на Балі. Быў перыяд, калі я амаль вырашыўся на куплю зямлі і будаўніцтва дома, але гэтыя планы давялося адкласці.
Увогуле пры бюджэце каля 150 тысяч долараў можна пабудаваць якасны дом або вілу на дзве-тры спальні ў не вельмі папулярных сярод турыстаў раёнах. Але Балі — востраў невялікі (плошча Балі, 5600 км², прыблізна адпавядае агульнай плошчы Мінскага, Лагойскага і Смалявіцкага раёнаў). Таму нават такія месцы знаходзяцца ў 30–60 хвілінах язды ад развітых раёнаў.
Тры светы Інданезіі
– Увогуле ўся Інданезія — гэта як бы тры светы. Ёсць велізарная Джакарта (больш за 40 млн чалавек, цяпер гэта найбуйнейшы горад свету па насельніцтве), ёсць уся астатняя Інданезія — і ёсць Балі.
Я жыву на Балі, таму што гэта самы камфортны рэгіён Інданезіі для замежніка. Такім яго робяць інфраструктура, клімат і міжнародная супольнасць. Тут цікавае культурнае асяроддзе, прыгожая прырода і людзі з усяго свету.
Індуісцкі Балі прыкметна адрозніваецца ад астатняй Інданезіі, пераважна мусульманскай краіны. Напрыклад, на іншых астравах распаўсюджаная такая мера пакарання, як удары палкамі, часта ў навінах праскоквае: дзесьці жанчын пабілі.
Злачыннасць на Балі, вядома, ёсць, але нешта сур'ёзнае тут здараецца рэдка. Увогуле я адчуваю сябе тут спакойна. Мясцовыя жыхары амаль ніколі не б'юцца, яны не альфа-самцы.
І калі раптам зараз пачнецца трэцяя сусветная вайна, я знаходжуся якраз у тым месцы, дзе хацеў бы ў гэты час апынуцца.
Зараз жыву ў Убудзе — пераехаў, каб быць бліжэй да майго дзіцяці і яго маці. Убуд добра падыходзіць для жыцця ў сезон дажджоў, горад пад восеньскі настрой, калі няма жадання выходзіць з дома. І яшчэ тут вельмі цікавая духоўная супольнасць.
Раней на Балі было не вельмі добра з крамамі, але ў апошнія гады паставілі шмат вялікіх супермаркетаў. У мяне тры супермаркеты ў 5 хвілінах язды. У першы час сапраўды не хапала нейкіх прадуктаў кшталту тварагу. Паступова я да гэтага прывык. З'явілася шмат завядзенняў з рускай кухняй, дзе можна паесці звыклай ежы.
На Балі ёсць пара сяброў-беларусаў — таксама з Вілейкі. Але ў асноўным тут я камунікую з інданезійцамі і замежнікамі. Пасля пачатку вайны хлынула вельмі шмат людзей з Расіі і Украіны. Асабліва расейцаў. Іх тут і раней было шмат, але яны былі даволі адэкватныя. Другая хваля ўжо куды горшая.
Падарожнічаю па Інданезіі рэгулярна — гэта вельмі вялікая і цікавая краіна, тут больш за 17 тысяч астравоў. У мяне быў двухмесячны байк-трып па Яве (купіў новую «Хонду» за 2000$), бываў у сталічнай Джакарце, наведваў і мегаполісы, і невялікія вёскі. Хапае сельскіх куткоў з амаль нятронутай прыродай. Яшчэ бываў на Нуса-Пеніда, Ломбаку і іншых інданезійскіх астравах побач з Балі. Пры тым нават праз пяць гадоў жыцця на Балі тут застаецца мноства цікавых месцаў, якія яшчэ не бачыў: і пляжы, і вадаспады, і джунглі, і вулканы.
Ёсць добрыя галоўныя дарогі — але, калі выбіраешся ўглыб, у вёску, там усё не вельмі добра. Бывае нават зусім дрэнна. З-за гэтага даволі лёгка можна трапіць у аварыю на байку. За пяць гадоў я ўжо, здаецца, пабываў у чатырох падобных аварыях.
Медыцына
– У першыя некалькі гадоў жыцця на Балі ў мяне не было мясцовай медыцынскай страхоўкі. Потым усё наладзілася: мама майго дзіцяці шмат каго ведае, і частка яе сям'і працуе ў медыцыне. Праўда, за пяць гадоў у шпіталь я схадзіў, напэўна, разы тры. Можа, мне пакуль шанцуе.
Без страхоўкі нейкая кансультацыя будзе каштаваць 10$. А далей усё залежыць ад працэдуры. Напрыклад, рэнтген ужо 30–40$, аналіз крыві 10–20$. Дзесьці да 100$ усё несур'ёзнае можна вырашыць.
«Сын яшчэ не задаецца пытаннямі нацыянальнай прыналежнасці, але ўжо еў дранікі»
– З мамай майго дзіцяці мы былі суседзямі, потым яна ў мяне закахалася, сталі жыць разам. Праз нейкі час я зразумеў, што гэта не маё, і мы разышліся. А тыдні праз тры яна сказала, што ў яе будзе дзіця ад мяне і яна ў любым выпадку будзе яго пакідаць. Ну а што я магу зрабіць? Мы пажаніліся, пажылі пару гадоў разам, а потым раз'ехаліся. Цяпер мы проста сябры — і бацькі. Яна не асабліва рэлігійная жанчына, жыве ў сучасным свеце.
У мясцовых рэспектабельных, арыстакратычных сем'ях нянькі павінны быць абавязкова. Наша нянька жыве з намі фултайм, плацім каля 300$. Зараз аддалі дзіця яшчэ і ў садок — тут такія экалагічныя healthy-сады, з дзецьмі пастаянна на прыроду ходзяць.
З ранняга дзяцінства мой сын размаўляе па-англійску і па-інданезійску. Хачу яго неяк звозіць у Беларусь да маіх бацькоў на паўгода, каб ён там па-руску пачаў гаварыць. Ён яшчэ не задаецца пытаннямі пра сваю нацыянальную прыналежнасць, мысліць іншымі катэгорыямі: вось кот памёр — і ён сядзіць смутны. Але, думаю, у гасцях у бабулі і дзядулі для яго адкрыецца і гэты бок рэальнасці. Дарэчы, дранікі ён ужо спрабаваў — на Балі ёсць пара беларускіх рэстаранаў.
Цікава, што я ўжо даволі даўно адчуваў сябе хутчэй грамадзянінам свету. Але ў апошні час стаў уважлівей ставіцца да беларускай культуры, а сябе стаў адчуваць беларусам. Бо тут я сустрэўся з вельмі многімі людзьмі з самых розных этнічных, рэлігійных, сацыяльных груп. І зразумеў, што беларусаў я вельмі люблю і паважаю. Нейкім чынам так атрымліваецца, што гэта месца, Беларусь, выхоўвае вельмі добрых людзей. Нават у такіх умовах. Як быццам чым горшыя ўмовы, тым лепш атрымліваюцца людзі.
«Мясцовыя дзяляць замежнікаў на тых, хто даўно жыве на Балі, і на турыстаў»
– Інданезійцы ў цэлым больш адкрытыя, чым еўрапейцы, вельмі дружалюбныя, заўсёды радыя дапамагчы. Звярнуў увагу, што мясцовыя дзяляць замежнікаў на тых, хто даўно жыве на Балі, і на турыстаў. Да турыстаў стаўленне крыху пагардлівае: прыехалі, з'ехалі, п'юць, нічога не робяць. А вось у таго, хто тут жыве, заўсёды ёсць мясцовыя сябры — для іх ён замежнік, але «свой» замежнік.
Англійскую на базавым узроўні ведаюць, напэўна, амаль усе, 90% жыхароў Балі. Увогуле ў Інданезіі 270 моў, і моўная сітуацыя вельмі моцна вар'іруецца ад рэгіёна да рэгіёна. У некаторых месцах не ўсе ведаюць асноўную для гэтай краіны інданезійскую мову.
Асабіста я ведаю 100+ слоў па-інданезійску, але ўсё зносіны ў мяне — па-англійску, часам нават магу забываць некаторыя рускія словы.
Увогуле мясцовая культура такая высокадухоўная. Бог тут — не пустое месца. На Балі вельмі развіты інстытут сям'і, шмат дзяцей. Яшчэ тут шмат спецыфічных рытуалаў, якім не стамляешся здзіўляцца. Кожны дзень яны прыносяць нейкія ахвяраванні багам. А Новы год у іх — гэта час, калі на востраў прыходзяць дэманы. Таму трэба выключыць святло і ўвесь дзень правесці ў цішыні, каб дэманы падумалі, быццам тут нікога няма. Потым жыццё на востраве вяртаецца.
«Па новую жонку паехаў бы ў Японію»
– Калі вы айцішнік і хочаце жыць і працаваць на Балі, я б параіў знайсці аддаленую працу. Мясцовы рынак працы вельмі танны і насычаны.
Але ўвогуле, паводле маіх назіранняў, калі ты едзеш у невядомае і наогул не гатовы да таго, што сустрэнеш, пачынае працаваць рэжым выжывання, у якім ты найбольш эфектыўны і заўсёды можаш штосьці прыдумаць.
А першае, што трэба зрабіць пасля прыезду, — гэта сацыялізавацца. Проста знаёмішся з людзьмі і заводзіш сяброў. Працуй, а паміж працай тусуешся і адкрываеш для сябе востраў.
На Балі ёсць і недахопы, да якіх трэба быць гатовым. Культура бізнесу, узровень адукацыі ніжэй, чым вы прывыклі. Цяжка знайсці спецыялістаў, якія могуць нешта сапраўды добра і ў патрэбны тэрмін зрабіць, — не толькі ў IT.
І яшчэ Балі не вельмі добры для сем'яў. Я ведаю шмат пар, якія прыязджалі сюды, у тым ліку з дзецьмі, і разыходзіліся. Гэты востраў быццам разбурае сем'і. І гэта пры тым, што мясцовыя жыхары на Балі, наадварот, вельмі дбаюць пра свае сем'і і пра дзяцей.
Люблю Інданезію, бачу ў ёй патэнцыял, разглядаю яе ўжо як свой дом. Балі поўнасцю апраўдаў мае чаканні. І калі б я прама зараз з Берліна ці з Мінска прымаў рашэнне пра пераезд сюды — канечне, пераехаў бы.
Але перад мной заўсёды пытанне: а можа, дзесьці яшчэ лепш?
Напрыклад, прыцягваюць Японія і Кітай. Дарэчы, так — па новую жонку я б паехаў у Японію або ў Кітай. Канечне, Японія — дарагая краіна. Але, калі мне не хапае грошай для рэалізацыі маіх планаў, значыць, трэба нешта рабіць са сваім заробкам.