BE RU EN

Аўтаўладальнікі праз маразы набылі рэкордную колькасць зімовага паліва за ўсю гісторыю

  • 7.02.2026, 16:23

Яно вытрымлівае да −32 °C.

З пачатку гэтага года беларускія аўтаўладальнікі набылі на АЗС «Беларуснафты» больш за 33 тыс. тон дызельнага паліва «Арктыка». Пры гэтым у сярэднім на працягу года купляюць 10–15 тыс. тон, піша БелТА са спасылкай на намесніка генеральнага дырэктара па забеспячэнні вуглевадароднай сыравінай і рэалізацыі прадукцыі Сяргея Каморнікава.

«Арктыка» — сезоннае паліва з палепшанымі нізкатэмпературнымі характарыстыкамі. У «Беларуснафце» сцвярджаюць, што яно вытрымлівае да мінус 32 °C.

Паводле слоў Сяргея Каморнікава, у апошнія гады «Арктыка» праз цёплыя зімы не была ў топе продажаў. Сёлета на АЗС кампаніі ўсталявалі гістарычны рэкорд. У студзені і ў першыя дні лютага рэалізавалі больш за 33 тыс. тон. Да гэтага максімум быў зафіксаваны ў марозную зіму 2020–2021 гадоў, калі прадалі каля 31 тыс. тон зімовага дызеля.

У «Беларуснафце» разлічваюць у гэтым годзе наблізіцца да лічбы 40 тыс. тон.

Раней анансавалі, што ў 2026 годзе акцызы на дызпаліва і бензін хочуць праіндэксаваць на 3%.

Як паведамлялася раней, аб’ём продажаў аўтамабільнага паліва ў Беларусі ў 2025 годзе павялічыўся на 2,5%. А пастаўкі беларускага бензіну ў Расію ў студзені — лістападзе 2025 года склалі 224,4 тыс. тон. У параўнанні з мінулым годам гэтая лічба вырасла на 136%.

Апошнія навіны