Міністр Узброеных сіл Францыі ўпершыню наведала Украіну
- 7.02.2026, 22:51
Гаворка ішла пра Mirage і Rafale.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі у суботу правёў сустрэчу з міністрам Узброеных сіл і па справах ветэранаў Францыі Катрын Вотрэн, якая ўпершыню наведала Украіну пасля прызначэння на пасаду ў кастрычніку мінулага года, піша «Еўрапейская праўда».
Асноўную ўвагу падчас абмеркавання надалі вайсковай дапамозе, узмацненню ўкраінскай СПА сістэмамі і ракетамі і пашырэнню авіяцыі Украіны французскімі самалётамі Mirage і Rafale. Зяленскі праінфармаваў Вотрэн пра наступствы ўдару, які Расія нанесла па Украіне гэтай ноччу.
Прэзідэнт Украіны адзначыў важнасць паставак сістэм SAMP/T і французскіх самалётаў Mirage для ўзмацнення ўкраінскай СПА.
Ён падкрэсліў, што хуткае паступленне сістэм супрацьпаветранай абароны ўзмоцніць абарону ўкраінскага неба. Украіна таксама зацікаўленая ў як найхутчэйшай рэалізацыі сумесных праектаў з Францыяй у межах еўрапейскіх ініцыятыў, перадусім SAFE.
Катрын Вотрэн заверыла ў далейшай падтрымцы Украіны з боку Францыі. Яна адзначыла выніковую працу з міністрам абароны Украіны Міхаілам Фёдаравым, у прыватнасці па мадэрнізацыі радараў, прадастаўленых Францыяй, і супрацоўніцтве ў вытворчасці дронаў.
– Францыя будзе выконваць узятыя на сябе абавязанні па Rafale. Што датычыць паставак — яны будуць рэалізоўвацца, як прадугледжана, у межах праграмы SAFE. Мы будзем вашым адданым партнёрам, будзем абараняць вашу справу і спрабаваць прыцягваць да гэтай працы ў шырокім сэнсе еўрапейскі абаронна-прамысловы комплекс, каб узмацняць нашы магчымасці і наш суверэнітэт у еўрапейскім сэнсе, — падкрэсліла яна.
Падчас сустрэчы таксама абмеркавалі санкцыйную палітыку супраць Расіі. Прэзідэнт Украіны адзначыў, што Францыя прадэманстравала смелы крок, калі затрымала танкер «ценявога флоту РФ».