Зяленскі ўвёў новыя санкцыі супраць РФ
- 8.02.2026, 13:09
Пад удар трапілі фінансавы сектар, крыптарынк і майнінг.
Украіна ўводзіць новыя санкцыі супраць Расіі, прэзідэнт падпісаў адпаведныя рашэнні.
Пра гэта паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
«У ноч на суботу Расія нанесла чарговы масіраваны ўдар па Украіне: больш за 400 дронаў і амаль 40 ракет розных тыпаў. Вытворчасць гэтай зброі была б немагчымая без замежных крытычных кампанентаў, якія расіяне працягваюць атрымліваць у абыход санкцый. І менавіта супраць такіх кампаній – пастаўшчыкоў кампанентаў і вытворцаў ракет і дронаў – уводзім новыя санкцыі. Падпісаў адпаведныя рашэнні», – адзначыў Зяленскі.
Фінансавы сектар
Паводле слоў прэзідэнта Украіны, другім указам уведзеныя санкцыі супраць расійскага фінансавага сектара. У гэтым спісе ёсць кампаніі, праз якія аплачваюцца пастаўкі кампанентаў для вытворчасці расійскіх ракет і дронаў.
Крыптарынк і майнінг
Таксама санкцыі ўведзены супраць структур, якія забяспечваюць расійскі крыптарынк і майнінг.
Зяленскі адзначыў, што частка гэтых рашэнняў увайдзе ў 20-ы пакет санкцый Еўрапейскага Саюза, які ўжо знаходзіцца на фінальнай стадыі.
«Працягваем сінхранізацыю з партнёрамі і нарошчваем ціск на агрэсара. Дзякуй усім, хто з Украінай», - дадаў прэзідэнт Украіны.