У мінскім аэрапорце ўтрымліваюць групу замежнікаў без тлумачэння прычын
- 8.02.2026, 20:27
З імі груба абыходзяцца ўжо больш за 13 гадзін.
У Нацыянальным аэрапорце «Мінск» утрымліваюць групу замежнікаў ужо больш за 13 гадзін. Людзям нічога не тлумачаць і з імі груба абыходзяцца. Пра гэта паведамілі крыніцы «Белсата».
Паводле звестак крыніцы, сярод тых, каго ўтрымліваюць, ёсць грамадзянін Расіі, спартовец з Гаіці, грамадзяне Узбекістана, Таджыкістана, Арменіі, Бангладэш.
На пашпартным кантролі іх проста не пусцілі далей, хоць некаторыя з іх ужо бывалі ў Беларусі. Спачатку замежнікам сказалі, што ўсё будзе добра і будзе далейшая праверка, аднак потым іх проста пакінулі чакаць у асобным памяшканні без якіх-небудзь тлумачэнняў.
На момант публікацыі яны ўжо больш за 13 гадзін без ежы. Пітная вада з кулера, які ім даступны, брудная.
Таксама замежнікі скардзяцца на грубае абыходжанне з імі, у прыватнасці, на просьбу даць цукар да гарбаты яны пачулі абразы, адзначае крыніца.
«Белсат» азнаёміўся з матэрыяламі, што пацвярджаюць словы крыніцы.