BE RU EN

У Ліване разгарэўся гучны палітычны скандал

  • 8.02.2026, 16:17

Фальшывы саудаўскі прынц абвёў вакол пальца ўсю ліванскую эліту.

Група ліванскіх парламентароў і амбіцыйных палітыкаў была ашукана чалавекам, які выдаваў сябе за саудаўскага прынца. Умяшанне «прынца» нават паўплывала на галасаванне па пасадзе прэм'ер-міністра, хоць перамога кандыдата была б забяспечаная і без афёры, піша Financial Times (пераклад — сайт Charter97.org).

Паводле даных расследавання, за афёрай стаялі двое жыхароў паўночнага рэгіёну Аккар: аўтаслесар Мустафа аль-Хасіян і ўплывовы суніцкі шэйх Халдун Ораймет. Менавіта шэйх пазнаёміў палітыкаў з «Абу Амарам» — псэўдапрынцам, якога агучваў аль-Хасіян. Ён размаўляў з палітыкамі па тэлефоне, карыстаючыся брытанскім нумарам, і ўмела імітаваў саудаўскі акцэнт.

Махлярства ахоплівала шырокае кола эліты: адзін кандыдат збіраўся падарыць прынцу аўтамабіль, другі прасіў дапамогі для сына на конных спаборніцтвах у Саудаўскай Аравіі. «Абу Амар» раіў парламентарыям, каго падтрымліваць і з кім сустракацца, ствараючы ілюзію ўплыву саудаўскага двара.

Сам аль-Хасіян, паводле слоў родзічаў, вёў простае жыццё і быў уведзены ў зман. «Калі гэта праўда, дык ён стаў ахвярай», — заявіў адзін з родзічаў. Шэйх Ораймет сцвярджае, што думаў, нібы мае справу з сапраўдным членам каралеўскай сям'і і не імкнуўся да асабістай выгоды.

Абодва затрыманыя ліванскімі ўладамі, ім прад'яўленыя абвінавачанні ў махлярстве, шантажы, падробцы галасоў і ўмяшанні ў палітыку. Вядзецца судовае разбіральніцтва, палітыкаў, якія кантактавалі з «прынцам», дапытваюць.

Эксперты адзначаюць, што афёра выявіла ўразлівасць ліванскай палітычнай сістэмы, залежнай ад знешняй падтрымкі і ўмяшання. «Сапраўдная ахвяра Абу Амара — гэта мы, ліванскі народ, якім кіруюць палітыкі, якіх лёгка падмануць», — падкрэсліў палітолаг Імад Саламе.

Гэты выпадак стаў прадметам актыўнага абмеркавання ў СМІ і выклікаў хвалю крытыкі на адрас ліванскай эліты за гатоўнасць выконваць указанні меркаванага замежнага патрона.

Апошнія навіны